2014-04-22 12:44:37

Кардынал Берголіа лічыў Яна Паўла ІІ святым чалавекам


RealAudioMP3 “Я заўсёды лічыў Яна Паўла ІІ святым чалавекам, які “сур’ёзна маліўся” і ўважліва слухаў сваіх суразмоўцаў”, сказаў восенню 2005 г. былы арцыбіскуп Буэнас-Айрэса, цяперашні папа Францішак. Яго сведчанні, складзеныя пасля распачацця беатыфікацыйнага працэсу, апублікавала нядаўна газета італьянскіх католікаў “Avvenire”. Кардынал Хорхе Марыя Берголіа ў сваім сведчанні звярнуў увагу на свае асабістыя перажыванні і пачуцці пасля кантактаў з Янам Паўлам ІІ. “Ён меў позірк добрага чалавека”, сказаў цяперашні Пантыфік і дадаў, што будучы святы меў “вялікае ўменне слухаць” іншага чалавека і “яго памяць была “практычна неабмежаванай”.

“Ян Павел ІІ памятаў месцы, людзей і сітуацыі, з якімі сустракаўся падчас сваіх падарожжаў, якія сталі знакам таго, што ён звяртаў пільную ўвагу на ўсе абставіны і людзей, з якімі сустракаўся”, - адзначыў тады кардынал Берголіа і дадаў, што гэта для яго стала доказам “сапраўднай і вялікай любові”, якую меў Ян Павел ІІ.

Францішак звярнуў таксама ўвагу на той факт, што вера і гісторыя будучага святога выклікала захапленне таксама сярод прадстаўнікоў іншых рэлігій, а нават і няверуючых. “Гэта таму, што Ян Павел ІІ прыктыкаваў і навучаў універсальным каштоўнасцям”, - адзначыў кардынал Берголіа і дадаў, што не сароміцца сказаць, што заўсёды лічыў яго Божым чалавекам, так як і большасць людзей, якія мелі з ім кантакт. Для былога арцыбіскупа Буэнас-Айрэса смерць Яна Паўла ІІ была гераічнай і такое ўражанне можна разглядаць як універсальнае. “Хопіць падумаць пра выявы любові і павагі з боку вернікаў і няверуючых людзей, падчас яго смерці і пахавання”, - сцвердзіў будучы Папа.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.