Канцлер Папскай акадэміі навук наведаў Маскоўскі Патрыярхат
23 красавіка 2014
г. у Маскве ў сядзібе Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата адбылася
сустрэча яго старшыні, Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна, з канцлерам Папскай акадэміі
навук біскупам Марсэла Санчэсам Саронда і кіраўніком аўстралійскага праваабарончага
фонду “Walk Free” Эндру Форэстам. У ходзе спаткання абмяркоўваліся перспектывы ўзаемадзеяння
Рускай Праваслаўнай Царквы з вышэйузгаданай арганізацыяй. На ім прысутнічаў таксама
Апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп Іван Юркавіч, паведамляецца на
сайце Аддзела знешніх царкоўных сувязяў.
Сферай дзейнасці “Walk Free” з’яўляецца
супрацьдзеянне сучаснаму рабству з дапамогай прыцягнення ўвагі сусветнай грамадскасці
да гэтага пытання, мабілізацыі намаганняў бізнес-структур у барацьбе з такога роду
праявамі на сваіх прадпрыемствах, актывізацыя дзейнасці прадстаўнікоў культурнай,
адукацыйнай і духоўнай сфер у справе супрацьстаяння рабскім тэндэнцыям у свеце.
17
сакавіка 2014 г. у Ватыкане пры садзейнічанні арганізацыі “Walk Free” адбылося падпісанне
беспрэцэдэнтнага пагаднення паміж прадстаўнікамі асноўных рэлігій пад назвай “Global
Freedom Network”. Яго мэтай з’яўляецца выкараненне сучаснага рабства і гандлю людзьмі
ва ўсім свеце да 2020 г. Глабальная сетка – гэта адкрытая асацыяцыя, да якой могуць
далучыцца прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў і іх лідэры.