2014-04-24 14:34:38

Святы Айцец заклікаў хрысціян не баяцца радасці


RealAudioMP3 Ёсць хрысціяне, якія баяцца радасці ўваскрэсення, якую жадае даць нам Езус, і іх жыццё здаецца пахаваннем, але ўваскрослы Пан – заўсёды з намі, сказаў папа Францішак 24 красавіка 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы. Пантыфік спаслаўся на ўрывак з апошняга раздзелу Евангелля паводле св. Лукі, які распавядае пра з’яўленне ўваскрослага Хрыста сваім вучням. Ён адзначыў, што словы прывітання: “Спакой вам”, яны ўспрынялі не з радасцю, але са страхам і трымценнем. Ім здавалася, што бачылі прывіда. Езус спрабуе ім усвядоміць, што тое, што яны бачаць, гэта рэальнасць. Запрашае дакрануцца да свайго цела, просіць даць яму ежу. Ён хоча прывесці іх да “радасці ўваскрэсення, радасці сваёй прысутнасці сярод іх”. Але вучні, - адзначыў Папа, “з радасці ўсё яшчэ не верылі, не маглі паверыць, бо баяліся радасці”.

“Гэта адно з захворванняў хрысціян. Мы баімся радасці. Лепш падумаць: “Так, так, Бог існуе, але ёсць недзе там; Езус уваскрос, Ён ​​там”. Крыху на адлегласці. Мы асцерагаемся блізкасці Езуса, таму што яна дае нам радасць. Толькі так можна патлумачыць, чаму ёсць шмат хрысціян “пахавальных”, чыё жыццё здаецца пастаянным пахаваннем. Яны аддаюць перавагу смутку, а не радасці. Лепш адчуваюць сябе не ў свеце радасці, але ценю, як тыя жывёлы, якія выходзяць толькі ноччу, а не на святло дня, калі нічога не бачаць, як лятучыя мышы. І з доляй гумару можна сказаць, што яны хрысціяне-лятучыя мышы, якія аддаюць перавагу ценю перад святлом прысутнасці Пана”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што Езус са сваім ўваскрасеннем дае нам радасць быць хрысціянамі, радасць ісці за Ім, радасць знаходзіцца на шляху Благаслаўленняў, радасць быцця з Ім. Папа адзначыў, што часта, калі мы адчуваем гэтую радасць, застаёмся шакаванымі або агорнутымі страхам, ці думаем, што бачым прывіда або, што Езус – гэта спосаб дзейнасці, што Ён далёка на нябёсах. Між тым, Ён сярод нас, з нашымі праблемамі, цяжкасцямі, добрымі справамі. Таму наша жыццё заўсёды павінна быць дыялогам з Езусам.

“Будзем прасіць Пана, каб зрабіў з намі тое ж, што і са сваімі вучнямі, якія баяліся радасці, каб адкрыў наш розум: “Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне”. Няхай адкрые наш розум і дазволіць зразумець, што Ён з’яўляецца жывой рэальнасцю, што Ён мае цела, што Ён крочыць з намі побач, што Ён перамог. Будзем прасіць Пана аб ласцы не баяцца радасці”, - скончыў сваю сённяшнюю гамілію папа Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.