2014-04-25 12:38:30

Францішак: у сэрцы Яна Паўла ІІ знайшлі месца ўсе народы, мовы і культуры


RealAudioMP3 Я шчаслівы абвясціць аб святасці Яна Паўла ІІ – вялікага чалавека і Папы, прызнаўся Святы Айцец ў відэапасланні да народу Польшчы, трансляцыя якога прайшла вечарам 24 красавіка 2014 г. на першым канале Польскага тэлебачання і Польскім радыё з нагоды кананізацыі Пантыфіка. Францішак адзначыў, што асабіста ўдзячны Яну Паўлу ІІ, як і ўсе члены Божага народа, “за яго нястомнае служэнне, духоўнае кіраўніцтва, за ўвядзенне Касцёла ў трэцяе тысячагоддзе веры і выключнае сведчанне святасці”. Пантыфік цалкам далучаецца да словаў Бэнэдыкта XVI, прамоўленых падчас беатыфікацыі Яна Паўла ІІ у 2011 г., пра тое, што ён, заклікаючы ўсіх “не баяцца адкрыць дзверы Хрысту”, сам “зрабіў гэта першым”. “Сваім сведчаннем веры, любові і апостальскай мужнасці, поўным чалавечай чуллівасці, гэты знакаміты сын польскага народа дапамог хрысціянам ва ўсім свеце не баяцца быць хрысціянамі, прыналежаць да Касцёла, абвяшчаць Евангелле. Адным словам, дапамог нам усім не баяцца праўды, таму што праўда – гэта гарантыя свабоды”, - нагадаў папа Францішак словы свайго папярэдніка.

Святы Айцец падкрэсліў, што сэрца Яна Паўла ІІ фарміравалася ў Польшчы, але затым, праз яго ўдзел у ІІ Ватыканскім Саборы і абранне Біскупам Рыма, пашырылася да паўсюдных памераў і ў ім знайшлі месца ўсе народы, мовы і культуры.

“Дзякую польскаму народу і Касцёлу ў Польшчы за дар Яна Паўла ІІ. Мы ўсе ўзбагаціліся гэты дарам. Ян Павел ІІ працягвае натхняць нас. Натхняюць яго словы, тэксты, жэсты, стыль служэння. Нас натхняюць яго пакуты, перажытыя з глыбокай надзеяй. Нас натхняе яго поўны давер да Хрыста, Адкупіцеля чалавека, і Маці Божай”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак пажадаў, каб кананізацыя Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ дала новы імпульс Касцёлу ў Польшчы і нагадаў, што ў 2016 г. – “калі Бог дазволіць” – наведае польскі Кракаў з нагоды Сусветных дзён моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.