“100 пытанняў – 100 адказаў”. Якія ўмовы ставіў Ян Павел ІІ для візіту ў Беларусь?
Пасля кананізацыі
Яна Паўла ІІ, якая прайшла 27 красавіка 2014 г., варта было б падзяліцца думкамі і
разважаннямі пра гэтага Пантыфіка, якога многія беларускія вернікі лічаць па-сапраўднаму
сваім. Добра вядома, што Беларусь была адной з нямногіх краін, якую новы святы не
паспеў наведаць за 27 гадоў свайго пантыфікату, але, тым не менш, яна заўсёды была
яму блізкай. Менавіта Ян Павел ІІ адрадзіў касцёльныя структуры у краіне, прызначыў
біскупаў, беатыфікаваў мучанікаў, святароў і законніц, якія працавалі на тэрыторыі
Беларусі падчас ІІ Сусветнай вайны.
26 лістапада 1994 г. падчас публічнага
кансісторыя, калі тагачасны арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтэк атрымаў кардынальскую
годнасць, Ян Павел ІІ прызнаўся: “Як жа блізкі мне гэты Касцёл, які так шмат у апошнія
дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну
ўсіх святароў і ўсіх свецкіх асобаў, якія за вернае трыванне пры Хрыстовым Евангеллі
былі асуджаныя таталітарнымі рэжымамі на вялікія цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні.
Многія з іх страцілі жыццё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, асуджаныя на працу
ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог”.
Трэба
адзначыць, што кардынал Казімір Свёнтэк і Ян Павел ІІ былі сапраўднымі сябрамі, пра
што пурпурат расказаў у адным з інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
“Я баюся ўжыць слова “сябры”, таму што некаторыя падумаюць: ён шмат бярэ на сябе,
але практычна гэта было так. Усе мае прыезды сюды (у Ватыкан) былі напоўнены сардэчнасцю.
І не было ніводнай сустрэчы, каб я не быў запрошаны на сняданак, абед ці вячэру (да
Святога Айца). Я не быў абавязаны прытрымлівацца 15-хвіліннага ліміту для аўдыенцый.
Яна магла працягвацца паўтары-дзве гадзіны, удвух. Бывалі такія моманты, па-правілах
у аўдыенцыі заўсёды прымаў удзел сакратар, знакаміты Дзівіш (кардынал Станіслаў Дзівіш,
асабісты сакратар Яна Паўла ІІ) і часам ён сядзеў-сядзеў, слухаў-слухаў, а потым казаў:
“Ці я абавязкова вам патрэбны зараз? Я вам не буду перашкаджаць, я пайду”, - дзяліўся
ўспамінамі пурпурат.
Трэба адзначыць, што Ян Павел ІІ быў першым Папам, які
пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў менавіта па-беларуску. Яшчэ ў далёкім 1989
г., удзяляючы біскупскае пасвячэнне сённяшняму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, арцыбіскупу
Тадэвушу Кандрусевічу, ён коратка прывітаў новага іерарха менавіта на беларускай мове.
Нядаўна Мітрапаліт прызнаўся, што захоўвае гэты тэкст. Папа казаў, што перажывае радасныя
хвіліны ад таго, што пасля дзесяцігоддзяў у Беларусі будзе біскуп, і жадае Касцёлу
ў Беларусі і народу краіны поспехаў і Божага благаслаўлення.
Ян Павел ІІ віншаваў
па-беларуску вернікаў падчас ўрачыстасцяў Божага Нараджэння і Увасрасення Пана, а
таксама з іншых нагодаў. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 6 верасня 1995
г. Ян Павел ІІ прывітаў групу дзяцей з паўднёвых рэгіёнаў Беларусі, якія прыбылі ў
Італію на аздараўленне: “Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае
Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі, аб літасці для вас і вашых сем’яў,
што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам
за іхнюю любоў да вас, беларускія дзеці!”, - казаў Папа.
17 кастрычніка 1998
г. Ян Павел ІІ прыняў на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI вялікую групу пілігрымаў з Беларусі.
Звяртаючыся да іх, ён заклікаў беларускі народ да адзінства і супольнага будавання
ўласнай будучыні. “Карыстаючыся нагодай, жадаю таксама павіншаваць тут, з гэтага месца,
усіх грамадзян Беларусі. Я жадаю вашаму Краю ўсяго добрага, а перад усім, паспяховага
духоўнага і матэрыяльнага развіцця. Няхай усе жыхары вашай зямлі чуюцца шчаслівымі.
Супольна будуйце ваш сённяшні дзень і вашу будучыню”, - казаў Святы Айцец.
Ян
Павел ІІ быў знаёмы з гісторыяй Беларусі, яе геаграфіяй і культурнай спадчынай. Як
вядома, Пантыфік быў вялікім аматарам паэзіі і літаратуры. І, канешне, меў асаблівую
любоў да творчасці Адама Міцкевіча – літаратурная спадчына якога з’яўляецца супольнай
для беларусаў, палякаў і літоўцаў. Аднойчы менавіта з Міцкевічам Святы Айцец жартуючы
звязаў магчымасць свайго візіту ў Беларусь.
Гэта здарылася ў 2004 г. у размове
з кардыналам Казімірам Свёнтэкам, які прыбыў у Рым, каб атрымаць з рук Святога Айца
ўзнагароду “Fidei testis” (Сведка веры). Пасля цырымоніі паміж імі адбылася прыватная
размова, у ходзе якой кардынал спытаў Пантыфіка пра магчымасць візіту ў нашу краіну.
На гэта Папа адказаў, што згодны наведаць Беларусь у бліжэйшы час пры адной ўмове,
а менавіта, каб у рамках візіту наведаць мясціны, звязаныя з творчасцю і жыццём Адама
Міцкевіча: Завоссе, Навагрудак і, канешне, возера Свіцязь. Пантыфік хацеў на ўласныя
вочы пабачыць асяроддзе, у якім паўсталі цудоўныя творы паэта. Кардынал быў здзіўлены
гэтым і таксама адказаў жартуючы: “Святы Ойча, калі мы павінны паехаць на Свіцязь,
то і я маю адну ўмову: мы абавязкова павінны паплаваць у гэтым возеры”. Папа засмяяўся.
Духоўная
блізкасць Яна Паўла ІІ да беларускага народа і культуры была ўзаемнай. Кожны вернік
нашай краіны напэўна мае свае асаблівыя цёплыя пачуцці да гэтага Папы. Асабліва яскравым
сведчаннем такой любові была прысутнасць вялікай групы беларускіх пілігрымаў у першых
шэрагах на цырымоніі кананізацыі Пантыфіка. Няхай падзякай Богу за святасць “нашага
Папы” будзе спаўненне яго волі: веруючая моладзь, моцныя сем’і, здароўе, адзінства
і свабода беларускага народа.