У Беларусі адзначаюць 100-годдзе з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтэка
Ужо ў маі ў Беларусі
распачнуцца ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтэка.
Успамінаць легендарнага чалавека, першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і першага
кардынала ў Беларусі будуць па ўсёй краіне. Але галоўныя мерапрыемствы пройдуць у
Пінскай дыяцэзіі, служэнню якой іерарх прысвяціў усё сваё жыццё. Эстафету памяці распачне
горад Баранавічы, у якім прайшлі яго маладыя гады, падзяліўся Біскуп Пінскі Антоні
Дзям’янка. “З гэтым горадам звязана маладосць кардынала, тут ён хадзіў у гімназію,
атрымаў сакрамэнт бежмавання з рук першага біскупа Пінскага Зігмунда Лазінскага, якому
ён прыпісвае сваё пакліканне да святарства. Святкаванне 100-годдзя кардынала адбудзецца
таксама ў Брэсце. Вядома, што першыя папскія кароны на беларускія абразы ўсклаў кардынал
Казімір Свёнтэк, і першым быў каранаваны абраз Берасцейскай Маці Божай”, - сказаў
у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пастыр Пінскай дыяцэзіі.
Урачыстасці
ў Брэсце адбудуцца 28 чэрвеня 2014 г., у гэты дзень на беларуска-польскай мяжы будуць
сустракаць і крыж Сусветных дзён моладзі як сімвал веры. Для Беларусі ж сімвалам непахіснай
веры да гэтага часу з’яўляецца кардынал Казімір Свёнтэк. Ён нарадзіўся ў 1914 г. і
сутыкнуўся з выпрабаваннямі яшчэ ў маленстве – сям’я была саслана ў Сібір. Кардынал
Свёнтэк яшчэ не раз аказваўся асуджаным – спачатку на смерць, а потым на 10 гадоў
катаргі ГУЛАГу. Аднак заўсёды заставаўся верным Хрысту і Касцёлу.
Аднаўленне
Пінскай катэдры і дзейнасці Пінскай духоўнай семінарыі ў постсавецкі час – усё гэта
плёны працы кардынала Казіміра Свёнтэка, паведаміў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
“Для Пінска кардынал Казімір Свёнтэк – гэта ўвогуле сімвал каталіцызма, трывання падчас
ночы атэізму і адраджэння. Каля 80% адноўленых касцёлаў, а ў Гомельскай вобласці ўсе
100% касцёлаў і парафій, прыходзіцца менавіта на гады служэння іерарха ў Пінскім касцёле”,
- адзначыў ён.
Пачаўшы біскупскае служэнне ў 77 гадоў, Казімір Свёнтэк паспеў
зрабіць шмат: аднаўленне структур Касцёла, абарона правоў вернікаў, прадстаўніцтва
Каталіцкага Касцёла Беларусі на міжнародным узроўні. За мужнасць, ахвярнасць і пастырскі
талент папа Ян Павел ІІ уручыў карыдналу Свёнтэку ўзнагароду “Сведка веры”.
4-5
верасня ў Баранавічах пройдзе св. Імша падзякі за яго самаадданае служэнне, на якую
запрошаны біскупы з Прыбалтыкі і Польшчы. Цікава, што многія з іх асабіста і добра
ведалі беларускага кардынала. 6 верасня яго асобу і служэнне будуць успамінаць у Гомелі.
Урачыстасці з нагоды юбілея працягнуцца да глыбокай восені – у Пінскай катэдры ўжо
26 кастрычніка збяруцца духавенства, манаскія асобы і вернікі з усёй Беларусі, каб
ушанаваць светлую памяць кардынала. Ён 3 гады таму адышоў у вечнасць, але да гэтага
часу як быццам побач.