2014-05-25 08:28:33

Святы Айцец падчас сустрэчы з эмігрантамі: няхай спыніцца насілле і паважаецца гуманітарнае права


RealAudioMP3 Падчас сустрэчы з эмігрантамі і інвалідамі ў Бэтаніі 24 мая 2014 г. вечарам Святы Айцец прызнаўся, што падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю для яго вельмі важнай была сустрэча менавіта з гэтай групай асоб. Месца спаткання, узбярэжжа ракі Ярдан, дзе Езус атрымаў хрост, нагадвае аб вяртанні годнасці кожнаму чалавеку і яго пакліканні да збаўлення, звярнуў увагу Францішак. Хрыстус зрабіў гэта праз сваю пакору і ўвагу да чалавечых ранаў. Такімі ранамі сучаснасці з’яўляюцца канфлікты на Блізкім Усходзе, у першую чаргу, у Сірыі, у выніку якіх мільёны людзей сталі бежанцамі, вялікую частку якіх прыняла Іарданія. Святы Айцец падзякаваў мясцовым уладам і народу за адкрытасць. Ён адзначыў падтрымку і салідарнасць з боку шматлікіх дабрачынных арганізацый, у тым ліку касцёльных. Пантыфік звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам “не пакідаць Іарданію ў яе барацьбе з гуманітарным крызісам, выкліканым прыходам на яе тэрыторыю такой вялікай колькасці бежанцаў”. Францішак чарговы раз заклікаў да міру ў Сірыі. “Няхай спыніцца насілле, няхай паважаецца гуманітарнае права, каб аказаць неабходную дапамогу пацярпеламу насельніцтву! Няхай усе адмовяцца ад жаданняў з дапамогай зброі вырашаць праблемы, і няхай адбудзецца вяртанне на шлях перамоў!”, - сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што “рашэнне можа прыйсці выключна праз дыялог і абмежаванне прэтэнзій, праз спачуванне да тых, хто пакутуе, пошук палітычнага рашэння і пачуццё адказнасці ў адносінах да братоў”.

Папа заклікаў моладзь да малітвы за мір і ахвяравання ў яго інтэнцыі штодзённай працы. Ён запрасіў маладых людзей да будавання грамадства, якое будзе паважаць найбольш слабых, хворых, дзяцей і пажылых людзей.

На заканчэнне сустрэчы Францішак яшчэ раз заклікаў, каб заўсёды перамагалі разумнасць і разважлівасць, і каб з дапамогай міжнароднай супольнасці Сірыя знайшла шлях да міру. “Няхай Бог прывядзе да навяртання людзей, якія звяртаюцца да насілля, і тых, хто мае планы вайны, і ўмацуе сэрцы і розум будаўнікоў спакою і ўзнагародзіць ім усялякім благаслаўленнем”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.