2014-05-25 12:50:03

Францішак у Бэтлееме: сітуацыя дзяцей – дыягназ для грамадства


RealAudioMP3 “І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях”, – гэтымі евангельскімі словамі Святы Айцец пачаў сваю гамілію падчас Эўхарыстыі на плошчы перад базылікай Божага Нараджэння ў Бэтлееме 25 мая 2014 г. Пантыфік нагадаў, што Дзіцятка Езус, народжанае ў Бэтлееме, было знакам, які Бог даў тым, хто чакаў збаўлення, і застаецца знакам Божай пяшчоты і прысутнасці ў свеце. “Таксама і сёння, дзеці – гэта знак. Знак надзеі, знак жыцця, але таксама “дыягнастычны” знак, неабходны для разумення стану здароўя сям’і, грамадства, усяго свету. Калі дзеці прымаюцца, калі іх любяць, бароняць – тады і сям’я здаровая, грамадства развіваецца, а свет становіцца больш гуманным”, адзначыў Папа. Ён дадаў, што сёння дзеці маюць патрэбу ў прыняцці і абароненасці, ад свайго зачацця ва ўлонні маці. Францішак падкрэсліў, што, на жаль, у наш час высокіх тэхналогій, шмат дзяцей прабываюць у нечалавечых умовах, жывуць на ўзбочыне грамадства, на перыферыях вялікіх гарадоў і сёлаў. “Шмат дзяцей яшчэ сёння выкарыстоўваецца, зневажаецца, пераўтвараецца ў рабоў, становіцца аб’ектамі насілля і незаконнага гандлю”, - падкрэсліў Папа. Ён нагадаў пра лёс дзяцей-бежанцаў, якія гінуць у водах Міжземнамор’я. “Усяго гэтага мы саромеемся сёння перад абліччам Бога, Бога – які стаў Немаўляці”, - адзначыў Папа.

Папа нагадаў пра плач міліёнаў дзяцей ва ўсім свеце, які не павінен пакінуць абыякавымі. “У свеце, які штодзённа выкідвае тоны ежы і лекаў, ёсць дзеці, якія плачуць ад голаду і хвароб, лёгка вылечных. У свеце, які абвяшчае клопат аб непаўналетніх, гандлююць зброяй, што трапляе ў рукі дзецей-салдат; гандлююць прадуктамі, зробленымі рукамі маленькіх працаўнікоў-рабоў. Іх плач заглушаецца – плач гэтых дзяцей заглушаецца!”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў паглядзець на жыццё дзяцей у грамадствах і даць пачатак новаму стылю жыцця, дзе больш не будзе канфліктаў, злоўжыванняў, спажывецтва, але настане братэрства, прабачэнне, згода, дзяленне і любоў.

У літургіі на плошчы перад базылікай Божага Нараджэння прынялі ўдзел каля 10 тыс. чалавек – менавіта такую колькасць вернікаў яна магла ўмясціць. На заканчэнне Эўхарыстыі Папа разам з вернікамі прамовіў велікодную марыйную малітву “Regina Coeli”.








All the contents on this site are copyrighted ©.