Пантыфік да Прэзідэнта Ізраіля: іерусалімскія храмы не павінны стаць музеямі
Папа Францішак падзякаваў
Прэзідэнту Ізраіля Шымону Перэсу за яго намаганні на карысць міру. 26 мая 2014 г.
Пантыфік наведаў Прэзідэнцкі палац у Іерусаліме. Тут разам з ізраільскім лідэрам ён
пасадзіў аліўнае дрэва – сімвал міру. Звяртаючыся да сабраных, Папа адзначыў важнасць
Іерусаліма для вызнаўцаў трох монатэістычных рэлігій – юдаізма, хрысціянства і іслама.
Мясцовыя святыні не павінны стаць музеямі або помнікамі для турыстаў, але месцамі,
дзе супольнасці могуць жыць сваёй верай, культурай і дабрачыннасцю, адзначыў Папа.
Францішак заклікаў захаваць іх сакральнасць, клапоцячыся такім чынам не толькі пра
мінулае, але і пра людзей, якія наведваюць гэтыя святыя месцы, пра турыстаў, пілігрымаў
і мясцовых жыхароў, якія павінны мець магчымасць свабоднага ўваходу ў іх і ўдзелу
ў набажэнствах. Папа нагадаў пра тое, што і юдэі, і хрысціяне, і мусульмане шануюць
годнасць чалавечай асобы, вераць, што чалавек створаны Богам і прызначаны для вечнага
жыцця. У сувязі з гэтым, Францішак заклікаў змагацца з насіллем і тэрарызмам, дыскрымінацыяй
на расавай ці рэлігійнай глебе, імкненнем навязаць свой пункт гледжання іншым, антысемізмам,
неталерантнасцю ў адносінах да людзей і зневажаннем культавых месцаў.
Святы
Айцец падкрэсліў, што ў Ізраілі жывуць і працуюць многія хрысціянскія супольнасці.
Яны, як неад’емная частка ізраільскага грамадства, жадаюць рабіць свой унёсак на карысць
супольнага дабра краны, прымірэння і згоды, падкрэсліў Папа.
Пасля сустрэчы
з ізраільскім Прэзідэнтам Папа накіруецца ў Папскі інстытут “Notre Dame of Jerusalem
Center”, які займаецца апекай над французскімі пілігрымамі ў Святой Зямлі, дзе сустрэнецца
з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху.