2014-05-26 16:57:12

Пантыфік ў Вячэрніку: адсюль Касцёл выйшаў з падзеленым хлебам і любоўю ў сэрцы


RealAudioMP3 Тут нарадзіўся Касцёл і адсюль выйшаў, з падзеленым хлебам у руках, з ранамі Езуса перад вачыма, і Духам любові ў сэрцы, адзначыў папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 26 мая 2014 г. у месцы Апошняй Вячэры. У сувязі з тым, што памяшканне Вячэрніка невялікае, св. Імша прайшла ў невялікім коле. Разам з Пантыфікам літургію цэлебравалі ардынарыі Святой Зямлі. Менавіта у гэтым месцы, нагадаў Папа, уваскрослы Хрыстус удыхнуў у вучняў Святога Духа, каб Яго сілай пераманялі аблічча зямлі. Касцёл захоўвае памяць пра ўсё, што адбылося тады, адзначыў ён і дадаў, што Дух Суцяшыцель нагадвае кожнае слова, кожны жэст і адкрывае іх сэнс. Вячэрнік, на думку Святога Айца, нагадвае пра важнасць служэння, таму што тут Езус абмыў ногі апосталам; пра самаахвяраванне, бо менавіта тут была ўстаноўлена Эўхарыстыя; пра сяброўства, таму што Пан учыніў людзей сваімі сябрамі; пра развітанне з Настаўнікам і абяцанне прабывання сярод Яго сяброў. Адначасова, Вячэрнік нагадавае пра подласць і здраду. Кожны можа здрадзіць Хрыста сваімі грахамі, высакамернасцю і асуджэннем бліжніх, лічыць Папа.

Вячэрнік нагадвае пра нараджэнне новай сям’і – Касцёла, заснаванага ўваскрослым Езусам, пра дзяленне, братэрства і мір паміж людзьмі. “Колькі любові, колькі дабра вылілася з Вячэрніка. Колькі міласэрнасці выйшла адсюль, як з крыніцы ракі, якая напачатку з’яўляецца струменем, а затым пашыраецца і становіцца вялікай. Усе святыя чэрпалі адсюль, вялікая рака святасці Касцёла заўсёды бярэ пачатак адзсюль, заўсёды абнаўляецца з Сэрца Езуса, Эўхарыстыі і Святога Духа”, - сказаў Папа.

Гарызонт Вячэрніка, паводле Францішка, гэта гарызонт уваскрослага Хрыста і Касцёла – гарызонт чакання новага спаслання Святога Духа. “Няхай сыдзе Дух Твой і абновіць аблічча зямлі!”, - заклікаў Пантыфік.

Св. Імша ў месцы Апошняй Вячэры стала завяршальным пунктам пілігрымкі папы Францішка ў Святую Зямлю.








All the contents on this site are copyrighted ©.