2014-05-26 10:39:27

Папа да іерусалімскага муфтыя: нашчадкі Абрагама павінны быць будаўнікамі міру і справядлівасці


RealAudioMP3 Трэці дзень апостальскага падарожжа ў Святую Зямлю папа Францішак пачаў з візіту на Храмавую гару ў Іерусаліме, дзе знаходзяцца мячэць Аль-Акса і мусульманская святыня Купал Скалы. Тут Пантыфік сустрэўся з Вялікім муфтыем Іерусаліма Мухамадам Ахмад Хусэйнам і іншымі мусульманскімі лідэрамі. У сваёй прамове да іх Папа адзначыў, што мэта яго пілігрымкі звязана з наведваннем месцаў зямнога жыцця Езуса Хрыста, і яна не была б поўнай без сустрэчы з асобамі і супольнасцямі, якія жывуць на гэтай зямлі, асабліва з вызнаўцамі ісламу.

Папа нагадаў што мусульман, хрысціян і юдэяў аб’ядноўвае пашана да асобы Абрагама. Ён стаў пілігрымам, пакінуўшы ўласную зямлю і ўласны дом, каб пачаць духоўнае падарожжа, да якога Бог яго клікаў. І гэта, на думку Францішка, павінна быць прыкладам для сучасных вернікаў. Нельга заставацца самадастатковымі, закрытымі і ўпэўненымі ва ўласных перакананнях. “Перад таямніцай Бога мы адчуваем, што павінны быць гатовымі выйсці за свае рамкі, паслухмяныя закліку, скіраванаму Богам, адкрытыя на будучыню, якую Ён хоча пабудаваць для нас”, - сказаў Папа. Паводле Святога Айца, Бог жадае, каб вернікі розных рэлігій былі сведкамі Яго дзейнасці ў свеце і для гэтага неабходна быць будаўнікамі міру і справядлівасці.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец скіраваў заклік да усіх людзей і супольнасцяў, якія шануюць Абрагама, каб паважалі і любілі адно аднаго як браты і сёстры, вучыліся разумець іншага. “Няхай ніхто не выкарыстоўвае імя Бога для апраўдання насілля! Будзем працаваць разам дзеля справядлівасці і міру!”, - заклікаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.