2014-06-02 10:41:35

Пантыфік: не пражываць маладосць для сябе, але прысвяціць абвяшчэнню Евангелля


RealAudioMP3 Да новай місійнасці, умацаванай адзінствам, заклікаў папа Францішак членаў каталіцкага харызматычнага руху “Абнаўленне ў Святым Духу”, з якімі сустрэўся на рымскім Алімпійскім стадыёне 1 чэрвеня 2014 г. На супольную малітву з Пантыфікам сабраліся каля 52 тыс. чалавек. Звяртаючыся да вернікаў Папа ў першую чаргу заклікаў не быць “кантралёрамі ласкі”, “мытнікамі для Святога Духа”, але дазволіць Богу дзейнічаць там дзе ён жадае. Крыніца такой адкрытасці, на яго думку, павінна быць у адарацыі Пана. “Гэта ваш шлях: евангелізацыя, духоўны экуменізм, клопат пра бедных і патрабуючых і адкрытасць на маргіналізаваных. І ўсё гэта на аснове адарацыі. Фундамент абнаўлення – адарацыя Бога!”, сказаў ён. Пантыфік адзначыў важнасць адзінства ўнутры руху, таму што падзелы паходзяць ад злога. “Пазбягайце ўнутранай барацьбы, калі ласка”, - заклікаў ён. Не застаўся па-за ўвагай Святога Айца і абавязак “выходзіць” насустрач іншым. “Набліжайцеся да бедных і дакранайцеся рукамі да параненага цела Езуса. Дазвольце Святому Духу весці вас, са свабодай, і калі ласка не закрывайце Святога Духа ў клетцы”, - пажадаў Пантыфік.

Францішак з самаіроніяй прызнаўся, што да таго моманту пакуль не стаў духоўным кіраўніком руху “Абнаўленне ў Святым Духу” у Аргентыне, лічыў яго “школай самбы”. Папа адзначыў, што на самой справе рух з’яўляецца “вялікай сілай на службе абвяшчэнню Евангелля”.

Падчас сустрэчы на Алімпійскім стадыёне, Святы Айцец паразмаўляў з прысутнымі вернікамі. Звяртаючыся да аднаго з маладых людзей, Папа адзначыў, што маладосць даецца для таго, каб “рызыкаваць з надзеяй” і “патраціць яе на вялікія рэчы”. “Маладосць – для таго, каб аддаць яе на карысць знаёмства іншых з Панам. Не пражывайце для сябе сваю маладосць: ідзіце наперад”, - заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.