2014-06-04 11:13:34

У малітве за мір у Ватыкане чакаецца ўдзел Барталамея I


RealAudioMP3 У малітве за мір з Прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам і Прэзідэнтам Палестыны Махмудам Абасам у нядзелю 8 чэрвеня 2014 г. у Ватыкане чакаецца ўдзел Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея I. Гэта пацвердзіў 3 чэрвеня вечарам кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Папа Францішак запрасіў Патрыярха падчас іх сустрэчы ў Іерусаліме. Як паведаміў партал “Vatican Insider” са спасылкай на Канстантынопальскі Патрыярхат, канчатковае рашэнне, па ўсёй верагоднасці будзе прынята ў бліжэйшыя дні.

Пантыфік і ганаровы кіраўнік сусветнага праваслаўя здзейснілі 25 мая гістарычную сустрэчу ў базыліцы Гробу Пана ў Іерусаліме, якая павінна адкрыць новую главу ў экуменічным дыялогу. Раней, у Бэтлееме, Папа запрасіў прэзідэнтаў Перэса і Абаса да малітвы за мір. Абодва згадзіліся прыняць у ёй удзел ў дзень Пяцідзесятніцы ў Ватыкане разам з Францішкам. Святы Айцец падкрэсліў, што гэта не нейкае дыпламатычнае пасярэдніцтва з яго боку, але выключна малітва за мір.







All the contents on this site are copyrighted ©.