Сваю катэхезу падчас
агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 4 чэрвеня 2014 г. папа Францішак прысвяціў
дару Святога Духа, які “часта разумееца няправільна і павярхоўна, але тычыцца самага
сэрца нашай ідэнтычнасці і нашага хрысціянскага жыцця”, а менавіта – дару пабожнасці.
Паводле Пантыфіка, пабожнасць адлюстроўвае прыналежнасць да Бога і глыбокую сувязь
з Ім, сувязь, “якая дае сэнс усяму чалавечаму жыццю і якая трымае ў моцным адзінстве
з Ім, таксама ў цяжкія і трывожныя моманты”. Францішак падкрэсліў, што гэта сувязь
з Панам не павінна разумецца ў якасці абавязку ці прымусу, бо нараджаецца ўнутры чалавека.
“Гаворка ідзе пра адносіны, якія перажываюцца ад сэрца. Гэта наша сяброўства з Богам,
якое нам дорыцца Богам, сяброўства, якое змяняе наша жыццё і напаўняе нас энтузіязмам
і радасцю. Па гэтай прычыне дар пабожнасці нарадажае ў нас, перш за ўсё, ўдзячнасць
і радасць”, - падкрэсліў Папа.
Паводле Пантыфіка, такая сувязь з Панам адпавядае
сапраўднаму рэлігійнаму духу – самаму сапраўднаму сэнсу рэлігійнага жыцця і адарацыі.
“Калі Святы Дух дазваляе нам адчуваць прысутнасць Пана і ўсю Яго любоў да нас, Ён
сагравае сэрца і амаль натуральным чынам падштурхоўвае нас да малітвы і цэлебрацыі.
Пабожнасць, такім чынам, гэта сінонім сапраўднага рэлігійнага духа, сыноўні давер
да Бога, здольнасць маліцца да Яго з любоў і прастатой, уласцівымі асобам з пакорным
сэрцам”, - сказаў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што пабожнасць, акрамя таго,
што дазваляе расці ў адносінах і адзінстве з Богам, дапамагае таксама дзяліцца гэтай
любоўю з іншымі, бачыць у іх братоў. Яна, на думку Пантыфіка, напаўняе пачуццём міласэрнаці
да бліжніх.
“Так зможам па-сапраўднаму радавацца з тымі, хто радуецца, плакаць
з тымі, хто плача, быць бліка да тых, хто самотны ці ўстрывожаны, папраўляць таго,
хто памыляецца, суцяшаць, таго, хто сумны, прымаць і дапамагаць тым, хто ў патрэбе.
Існуе глыбокая сувязь паміж пабожнасцю і пакорай. Дар пабожнасці, які дае нам Святы
Дух, робіць нас пакорнымі, спакойнымі, церпялівымі, прыміранымі з Богам, ставіць на
пакорную службу іншым”, - адзначыў Пантыфік. Францішак заклікаў вернікаў прасіць Святога
Духа аб дары пабожнасці, каб з яго дапамогай перамагаць уласныя страхі і няўпэўненасць
і станавіцца радаснымі сведкамі Бога і Яго любові.
На заканчэнне агульнай
аўдыенцыі Пантыфік асаблівым чынам прывітаў удзельнікаў Агульнапольскай сустрэчы моладзі
ў Лядніцы і заклікаў іх быць мужнымі, з энтузіязмам адказваць на Божую любоў, радавацца
ласцы быцця Божымі сынамі і дзяліцца гэтай радасцю са светам.