2014-06-13 13:31:38

Кардынал Сандры павіншаваў беларускіх грэка-каталіцкіх святароў


RealAudioMP3 12 чэрвеня 2014 г. прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў прыняў на аўдыенцыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека. Аўдыенцыя была прымеркавана да свята Хрыста, Найвышэйшага Святара, якое было ўстаноўлена Апостальскай Сталіцай у 2012 г. і адзначаецца ў чацвер пасля Пяцідзесятніцы. Ватыканскі іерарх павіншаваў беларускіх грэка-каталіцкіх святароў са святам і выказаў ім удзячнасць за ахвярнае пастырскае служэнне, асабліва ў складаных абставінах. Кардынал Сандры папрасіў архімандрыта Сяргея Гаека запэўніць беларускіх грэка-каталіцкіх святароў у сваёй духоўнай блізкасці, духоўнай салідарнасці і падтрымцы.

У сваю чаргу, беларускі іерарх папрасіў кардынала Сандры перадаць Святому Айцу словы ўдзячнасці за духоўныя настаўленні, заахвочванне святароў да вернасці Касцёлу, касцёльнай традыцыі і дысцыпліне, а таксама да мужнасці, адвагі і духоўнага аптымізму ў абвяшчэнні “радасці Евангелля”. Архімандрыт Сяргей падзякаваў прэфекту Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў за падтрымку служэння беларускіх грэка-каталіцкіх святароў.

Упершыню свята Хрыста, Найвышэйшага Святара адзначалася 23 мая 2013 г. У некаторых краінах і манаскіх супольнасцях, яно святакавалася ўжо на працягу многіх гадоў, але было пашырана на ўвесь Каталіцкі Касцёл папам Бэнэдыктам XVI напрыканцы яго пантыфікату.








All the contents on this site are copyrighted ©.