2014-07-07 14:15:58

Святы Айцец сустрэўся з ахвярамі злоўжыванняў духавенства


RealAudioMP3 Сустрэча папы Францішка з ахвярамі злоўжыванняў духавенства, якое прайшло 7 ліпеня 2014 г., было вельмі кранальным, прызнаўся кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас сустрэчы з журналістамі. Ён таксама паведаміў пра пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх пад старшынствам кардынала Шона О’Мэйлі з Бостана. Святар паінфармаваў, што ахвяры, трое мужчын і тры жанчыны з Вялікабрытаніі, Ірландыі і Германіі, прыбылі ў Ватыкан учора днём і спыніліся ў Доме св. Марты. 7 ліпеня раніцай яны ўдзельнічалі ў св. Імшы, якую ўзначаліў Папа. Францішак прамовіў вельмі моцную гамілію. Пасля Эўхарыстыі ён сустрэўся з кожным з запрошаных у асобнасці. Ранішняя св. Імша і асабістыя сустрэчы з Францішкам зрабілі на іх глыбокае ўражанне, паведаміў кс. Ламбардзі. Прадстаўнік Святога Пасаду дадаў, што Францішак прадэманстраваў Касцёлу паставу дыялогу і слухання.

Кажучы пра сустрэчу Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якая прайшла 6 ліпеня, святар адзначыў, што гэты орган зноў збярэцца ў кастрычніку ў Ватыкане. Падчас цяперашняга пасяджэння былі прапанаваны кандыдатуры экспертаў з іншых кантынентаў. Яны будуць прадстаўлены Святому Айцу. Гаворка ішла таксама пра статуты Камісіі і неабходнасці стварэння штаб-кватэры і рабочых груп, якія значна паскораць працу.







All the contents on this site are copyrighted ©.