2014-07-19 13:02:55

Католікі з Паўночнай Карэі могуць сустрэцца з Папам


RealAudioMP3 Сеульская архідыяцэзія звярнулася да ўладаў Паўночнай Карэі, каб дазволілі групе з 10 мясцовых католікаў удзельнічаць у св. Імшы, якую папа Францішак узначаліць у Сеуле падчас свайго візіту ў Паўднёвую Карэю 14-18 жніўня 2014 г. Адказ чакаецца ў пачатку жніўня, паведаміў прадстаўнік архідыяцэзіі кс. Гур Юнг-юп. Перад прыходам да ўлады камуністаў у Паўночнай Карэі па розных дадзеных там жыло ад 50 да 100 тыс. католікаў і ў два разы больш пратэстантаў. У цяперашні час не можна вызначыць колькасці хрысціян, бо яны вымушаны хаваць сваю веру, таму што яе вызнанне пагражае вельмі суровым пакараннем: турэмным зняволеннем або працоўным лагерам, і часам смерцю. Па афіцыйных дадзеных, сярод 24 млн. паўночных карэйцаў толькі 12 пратэстантаў і 800 католікаў. Паўночнакарэйская канстытуцыя фармальна гарантуе свабоду рэлігіі, але ў рэчаіснасці яна там не існуе. На практыцы, адзінай прымальнай формай рэлігіі з’яўляецца культ першага камуністычнага дыктатара Кім Ір Сэна і яго нашчадкаў, якія кіруюць краінай.

Хоць у сталіцы Пхеньяне ёсць тры храмы – два пратэстанцкіх і адзін каталіцкі –на самой справе яны даступныя толькі для турыстаў, дыпламатаў і членаў міжнародных пазаўрадавых арганізацый. У якасці духавенства ў іх працуюць функцыянеры аб’яднанняў, створаных уладамі і імі кантраляваных. На працягу некалькіх гадоў дзейнічае таксама праваслаўная царква, пабудаваная Маскоўскім Патрыярхатам са згоды Кім Чэн Іра, але яна прызначана толькі для замежных грамадзян.

Паводле ацэнак праваабарончых арганізацый, у Паўночнай Карэі больш за 200 тыс. чалавек сядзяць у турмах па палітычных або рэлігійных матывах. Сярод іх, па меншай меры 30 тыс. хрысціян.

Святая Імша ў цэнтры Сеўла адбудзецца 16 жніўня 2014 г. і будзе звязана з беатыфікацыяй 124 карэйскіх мучанікаў. Яшчэ адной мэтай падарожжа Папы стануць Азіяцкія дні моладзі. Гэта будзе трэці візіт Біскупа Рыма ў Карэю – раней, у 1984 г. і 1989 г., краіну наведваў Ян Павел II. Карэйскае грамадства з энтузіязмам успрыняло пілігрымку Святога Айца. Усе чакаюць, што візіт можа прынесці мір для ўсяго рэгіёну.

У Паўднёвай Карэі 5,3 млн. католікаў. Гэта трэцяя па велічыні і самая хуткарослая рэлігійная група ў краіне. Трэба адзначыць, што Карэя з’яўляецца адзінай краінай у Азіі, дзе Каталіцкі Касцёл паўстаў практычна без удзелу еўрапейскіх місіянераў.







All the contents on this site are copyrighted ©.