2014-07-20 12:06:26

Кардынал Кох: сёння трэба казаць аб “пентэкасталізацыі” хрысціянства


RealAudioMP3 Прагрэс у экуменічным дыялогу часта спалучаны з ахвярамі і патрабуе цярпення. Часам яго коштам становіцца кроў мучанікаў. Аб гэтым казаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў вялікім інтэрв’ю газеце “L’Osservatore Romano”. Напрыклад дыялог з праваслаўнымі адзначаецца сваёй “разнастайнасцю”, сказаў кардынал Курт Кох. Ён прызнаўся, што зараз “найбольш складаная сітуацыя” існуе на Украіне, “паколькі Маскоўскі Патрыярхат крытыкуе Каталіцкі Касцёл, не рабячы выразнага адрознення паміж верай і палітыкай”. І наадварот, “адносіны з Канстантынопальскім Патрыярхатам вельмі добрыя”. Яны адзначаны “доўгай гісторыяй сяброўства” і “духоўнай камуніяй”. На жаль, адзначыў ватыканскі іерарх, гэта, па прычыне існуючых кантрастаў, немагчыма ў выпадку іншых Праваслаўных Цэркваў.

Сустрэча папы Францішка з Патрыярхам Барталамеем І у Іерусаліме мае не толькі нейкае сімвалічнае вымярэнне, але, у першую чаргу, з’яўляецца “важным крокам для будучыні экуменізму”, лічыць кардынал Кох, канчатковай мэтай якога ёсць “адзінства і поўная камунія, у тым ліку эўхарыстычная”. У тэалагічным плане галоўным выклікам для праваслаўных і католікаў з’яўляецца пытанне “адносін паміж калегіяльнасцю і першынствам” Пантыфіка. Гаворка ідзе не аб “кампрамісе паміж двума рэчаіснасцямі, але аб сінтэзе вялікай сілы праваслаўя, калегіяльнасці, і вялікай сілы каталіцызму, прымату”.

Сёння і перад католікамі, і перад праваслаўнымі секулярная рэчаіснасць ставіць адны і тыя ж выклікі. “У сувязі з гэтым, Каталіцкі Касцёл ініцыяваў праект новай евангелізацыі”, нагадаў ватыканскі іерарх. Прычым, ён павінен мець ў тым ліку і экуменічнае вымярэнне, “таму што секулярызм з’яўляецца выклікам, на які мы можам адказаць толькі разам”. Таксама трэба быць больш смелымі ва ўзаемным асуджэнні пераследу хрысціян, лічыць старшыня Папскай рады, бо “усе супольнасці, усе Цэрквы маюць сваіх мучанікаў” – “кроў не дзеліць, але аб’ядноўвае”. Гэта асабліва актуальна для “краін паходжання хрысціянства на Блізкім Усходзе”, адкуль паслядоўнікі Хрыста вымушаны бегчы перад смерцю.

Кардынал Кох падзяліўся таксма становішчам дыялогу з юдаізмам. На яго думку, “яшчэ доўгі шлях да паяднання паміж юдаізмам і хрысціянствам”. Дыялог, які вядзецца зараз, іерарх лічыць вельмі важным, паколькі ён падкрэслівае агульнае і адрознае. Ён вельмі складаны, бо “яўрэйскі свет вельмі разнастайны”. Але была створана асацыяцыя пад назвай Міжнародны яўрэйскі камітэт па міжрэлігійных кансультацыях, які аб’яднаў розныя плыні юдаізму ва ўсім свеце.

Іерарх нагадаў, што сёлета спаўняецца 50 гадоў з моманту апублікавання дэкрэту аб экуменізме “Unitatis redintegratio”. Таму наступная пленарная сесія Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству будзе прысвечана разважанню над яго рэалізацыяй. Кардынал нагадаў, што праца ватыканскай дыкастэрыі канцэнтруецца на двух напрамках – Усход і Захад. Дыялог з Усходнімі Цэрквамі і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі сканцэнтраваны ў асноўным на пытаннях эклезіялогіі, з пратэстанцкімі супольнасцямі – спектр пытанняў куды больш шырокі.

“У цяперашні час у пратэстанцкім свеце не назіраецца тэндэнцыі да большага адзінства. Існуе, па сутнасці, вялікая фрагментацыя. Пастаянна ствараюцца новыя супольнасці, і гэта праблема. Гэта азначае, што больш няма агульнага погляду на экуменізм”, - адзначыў кардынал Кох. У такой сітуацыі, на яго думку, “важна зразумець, куды мы хочам ісці”.

Наступным выклікам, на думку кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, “на сённяшні дзень з’яўляецца вялікі рост евангельскіх і пяцідзясятніцкіх рухаў”. Пяцідзясятнікі колькасна другія пасля Каталіцкага Касцёла ў свеце, нагадаў ён. “Мы вымушаны казаць сёння пра “пентэкасталізацыю” хрысціянства або пра чацвёрты тып хрысціянства: католікі, праваслаўныя, пратэстанты і пяцідзесятнікі. Гэта з’яўляецца сур’ёзным выклікам для будучыні. Я перакананы, што ў гэтым сэнсе, папа Францішак можа адкрыць некаторыя дзверы, якія пакуль яшчэ зачынены”, - сказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў інтэрв’ю ватыканскай газеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.