2014-07-21 14:04:48

Кіраўнік Англіканскай Царквы патлумачыў апошняе рашэнне Сінода


RealAudioMP3 Прычыны рашэння Генеральнага Сінода Англіканскай Царквы ў Англіі, які дазволіў біскупскае пасвячэнне жанчын, у спецыяльным лісце патлумачыў арцыбіскуп Джасцін Уэлбі. Ён накіраваў яго, у першую чаргу, да тых рэлігійных супольнасцяў, з якімі вядзецца экуменічны дыялог. Кіраўнік Англіканскай Царквы прызнае і ўсведамляе, што гэта рашэнне нараджае ўнутры яго Царквы дваякую рэакцыю. З аднаго боку, выклікае радасць, асабліва жанчын, якім было ўдзелена святарскае пасвячэнне, бо атрымалі пацвярджэнне свайго месца і служэння ў супольнасці.

З іншага боку, рашэнне стала прычынай расчаравання і росту заклапочанасці многіх іншых. Такім жа чынам выглядае сітуацыя з яго успрыняццем некаторымі хрысціянскімі канфесіямі, асабліва католікамі і праваслаўнымі. Нягледзячы на гэта, “Англіканская Царква будзе працягваць працаваць над тым, каб зрабіць больш відавочнай нашу еднасць з тымі, хто застаецца ў зносінах з намі, а таксама шукаць больш глыбокага адзінства з тымі, з кім мы не застаемся ў зносінах”, - гаворыцца ў дакуменце.

Арцыбіскуп Уэлбі адзначае, што некаторыя Цэрквы знойдуць у апошнім рашэнні англікан яшчэ адну перашкоду на шляху да поўнага адзінства. Але ён стараецца паказаць, на яго погляд, станоўчыя элементы. “Нягледзячы ні на што, нас шмат аб’ядноўвае. І я буду маліцца, каб гэтыя вузы сяброўства і надалей ўмацоўваліся, і каб узаемнае разуменне нашых традыцый пастаянна развівалася”, - напісаў арцыбіскуп Кентэрберыйскі. Ён дадаў, што ёсць яшчэ вельмі шмат прасторы, дзе можна разам сведчыць аб Евангеллі. Гэта месцы ў свеце, дзе працягваюцца канфлікты, існуе праблема крайняй галечы, беспрацоўя і пытанне іміграцыі. “Мы патрэбныя адзін аднаму, таму што разам, як Цэрквы, умацаваныя Святым Духам, маем заданне абвяшчаць Добрую Навіну аб нашым Пану і Збаўцы Езусе Хрысце, і імкнуцца да больш цеснага сяброўства і большага адзінства”, - напісаў арцыбіскуп Уэлбі.







All the contents on this site are copyrighted ©.