2014-07-22 14:48:02

Францішак патэлефанаваў да іракскага іерарха


RealAudioMP3 22 ліпеня 2014 г. стала вядома, што 20 ліпеня 2014 г. у другой палове дня папа Францішак асабіста патэлефанаваў сіра-каталіцкаму Патрыярху Антыяхійскаму Ігнацыю Юсэфу III Юнану, каб паведаміць, што ён уважліва і з заклапочанасцю сочыць за драматычным становішчам хрысціян, пераследаваных у іракскім горадзе Масул. Як паведаміў Патрыярх, размова доўжылася каля дзесяці хвілін, на працягу якіх ён падзякаваў Пантыфіку і папрасіў яго актывізаваць свае намаганні, каб давесці да міжнарожнай супольнасці інфармацыю, што ў правінцыі Нінэвія адбываюцца масавыя рэлігійныя чысткі. Маўчанне так званага цывілізаванага свету пра гэта, іерарх назваў сорамам. У канцы размовы Францішак удзяліў сваё апостальскае благаслаўленне ўсяму хрысціянскаму насельніцтву Блізкага Усходу і паведаміў, што пастаянна моліцца за мір і бяспеку. У Іраку існаванне хрысціянскай супольнасці падвергнута рызыцы. У Масуле пасля амаль двух тысяч гадоў больш няма хрысціян. Апошнія з іх у мінулыя дні знайшлі прытулак у Курдыстане. 19 ліпеня 2014 г. Патрыярх Юнан сустракаўся ў Ватыкане з арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці, сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.