2014-07-22 12:49:37

Кардынал раскрытыкаваў палітыку ЗША ў адносінах да дзяцей-мігрантаў


RealAudioMP3 Гандураскі кардынал Оскар Андрэс Радрыгес Марадзьяга, каардынатар Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, раскрытыкаваў палітыкаў ЗША за іх негатыўнае стаўленне да дзяцей-мігрантаў. Ёсць палітыкі, якія абвінавачваюць дзяцей, у тым, што яны прыносяць у Злучаныя Штаты хваробы, якіх там ніколі дагэтуль не было, цытуе газета “La Tribuna” арцыбіскупа Тэгусігальпу. Гэта прыводзіць да такіх з’яў, як анты-эмігранцкія маршы пратэсту, адзін з якіх адбыўся нядаўна ў Лос-Анджэлесе. Дзеці з’яўляюцца нявіннымі ахвярамі абставінаў. Яны заслугоўваюць павагі і падтрымкі, падкрэсліў кардынал.

Іерарх запатрабаваў больш жорсткіх мер для гандляроў дзецьмі. Яны вымагаюць ад сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, вялікія сумы грошай у замен на забеспячэнне лепшай будучыні для іх дзяцей, а затым асуджаюць непаўналетніх на самотную вандроўку праз мяжу са Злучанымі Штатамі. Ад біскупаў з ЗША кардынал даведаўся, што амерыканскія памежнікі атрымліваюць грошы ад кантрабандыстаў. Таму тут можна казаць аб існаванні “феномену падвойных стандартаў”, - перакананы ён.

На мінулым тыдні ў Мехіка праходзіла буйная канферэнцыя па праблеме дзяцей-мігрантаў, якія пераходзяць у адзіночку мяжу са Злучанымі Штатамі ў пошуках лепшай будучыні. Яе арганізавала міністэрства замежных спраў Мексікі сумесна са Святым Пасадам. У сваім пасланні да яе ўдзельнікаў папа Францішак назваў дзіцячую міграцыю “гуманітарнай праблемай”, якая патрабуе тэрміновага ўмяшання.







All the contents on this site are copyrighted ©.