2014-07-24 12:05:38

Апостальская Сталіца: і Ізраіль, і Палестына парушаюць правы чалавека


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца заклікала міжнародную супольнасць узмацніць уздзеянне на ізраільцян і палестынцаў у канфлікце ў сектары Газа. Гаворка павінна ісці пра неадкладнае спыненне агню і рэгулярныя перамовы па мірным урэгуляванні, заявіў прадстаўнік Святога Пасаду пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі, у ходзе спецыяльнай сесіі Савета ААН па правах чалавека 23 ліпеня 2014 г. “Заганнаму колу помсты” павінен быць пакладзены канец. У адваротным выпадку над насіллем будзе згублены кантроль, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Святы Пасад лічыць, што абодва бакі парушаюць правы чалавека. Забойства “мірных жыхароў” падчас ізраільскай ваеннай акцыі “так жа непрымальна, як і ракетны абстрэл па грамадзянскіх мэтах у Ізраілі”, сказаў арцыбіскуп Тамазі. Здаецца, што голас розуму губляецца ў грукаце вайны, дадаў ён.

“Насілле нікуды не прывядзе, ні цяпер, ні ў будучыні”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Спасылаючыся на папу Францішка, ён заклікаў ізраільцян і палестынцаў да мужнасці ісці ў накірунку міра, які абапіраецца на ўсебаковым прызнанні права дзвюх дзяржаў. Міжнародная супольнасць павінна ўзяць на сябе адказнасць па сур’ёзнай дапамозе і ўдзеле ў мірным рашэнні канфлікту і спыненні насілля, сказаў іерарах. Ён заклікаў сродкі масавай інфармацыі да “справядлівага і бесстаронняга інфармавання аб трагедыі ўсіх, хто пакутуе па прычыне канфлікту”.

Па меншай меры 23 палестынцы былі забітыя ў сектары Газа ў ноч на 24 ліпеня 2014 г. Агульная колькасць ахвяр распачатай 8 ліпеня аперацыі ізраільскай арміі дасягнула 718 чалавек, больш за 4 тыс. палестынцаў атрымалі раненні. Пра гэта паведамляюць мясцовыя медыцынскія службы. З 8 ліпеня баевікі з сектара Газа запусцілі 2270 ракет па гарадах Ізраіля, адзначылі ў прэс-службе арміі яўрэйскай дзяржавы. У выніку гэтых абстрэлаў у Ізраілі загінулі тры чалавекі, каля 300 атрымалі раненні. За тыдзень у баях у сектары Газа загінулі 32 ізраільскіх салдаты і афіцэры, больш за 150 вайскоўцаў атрымалі раненні.







All the contents on this site are copyrighted ©.