2014-07-25 12:44:40

Ватыканскі кардынал перасцярог ад паспешнай рэформы кананічнага права


RealAudioMP3 Перш чым пачынаць рэформу Кодэкса кананічнага права, трэба спачатку прыкласці шмат намаганняў, каб вывучыць кананічнае права, лічыць старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, кардынал Франчэска Кокапальмерыё. Такім чынам ён “астуджае” эмоцыі тых, хто заклікае да хуткіх рэформ Кодэкса. У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” ватыканскі іерарх адзначыў, што, напрыклад, для барацьбы супраць педафіліі біскупы маюць у сваім распараджэнні ўсе неабходныя юрыдычныя сродкі. Праблема не ў адсутнасці прававых інструментаў, але ў іх няведанні і невыкарыстанні, падкрэсліў кіраўнік дыкастэрыі.

У прыватнасці, біскупы маюць праблемы з крымінальна-працэсуальнымі працэдурамі. Касцёл, між тым, мае абавязак у тым ліку і накладаць пакаранні. Калі пастыр не рэагуе на злачынства накладаннем пакарання, у пэўным сэнсе апраўдвае зло, або, па крайняй меры, робіць такое ўражанне, сказаў кардынал-старшыня. Ён спаслаўся, такім чынам, на неабходнасць радыкальна рэагаваць на зло ў Касцёле, аб чым казаў Бэнэдыкт XVI і што ўзяў на сябе апошнім часам Францішак. Кардынал нагадаў, што сам Езус яшчэ больш радыкальна казаў пра рэакцыю на зло, гаворачы пра камень для тых, хто выклікае скандалы.

У вышэйзгаданым інтэрв’ю кардынал Кокапальмерыё спаслаўся таксама на прапановы паскарэння працэдур судовага рашэння аб прызнанні несапраўднасці сужэнства. Ён лічыць, што любыя паляпшэнні з’яўляюцца пажаданымі, але перасцярог, аднак, што пры гэтым павінна быць захавана галоўная мэта ўсёй працэдуры, якая заключаецца ў высвятленні праўды, ці дадзенае сужэнства было заключана сапраўдна.

Ватыканскі кардынал паведаміў, акрамя таго, што з верасня яго дыкастэрыя будзе мець свой ​​уласны інтэрнэт-сайт (www.delegumtextibus.va), які дапаможа лепш разумець і прымяняць кананічнага права. Папская рада па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў размесціць на ім усю сваю папярэднюю дакументацыю.







All the contents on this site are copyrighted ©.