2014-07-25 13:15:03

Святар з сектара Газа: “Хамас” выкарыстоўвае мірных жыхароў у якасці жывога шчыта


RealAudioMP3 Працягваецца ізраільска-палестынскі канфлікт у сектары Газа. Ізраільскія войскі далей наступаюць на зямлі і ў паветры, палестынцы выпусцілі больш за 2000 ракет па ізраільскай тэрыторыі. У баявых дзеяннях, якія ідуць ужо два тыдні, загінула каля 800 чалавек. У асноўным гэта мірныя палестынцы, якіх “Хамас” выкарыстоўвае ў якасці жывога шчыта. Гэта пацвярджае пробашч адзінай каталіцкай парафіі ў сектары Газа кс. Хорхе Эрнандэс, які застаецца на месцы падзей.

“Звычайна, перад бамбардаваннем ваенныя паведамляюць жыхароў і даюць ім час для эвакуацыі. “Хамас”, аднак, патрабуе ад людзей заставацца дома, гаворачы, што не варта адступаць перад сіянісцкім ворагам. На самой справе, яны хочуць выкарыстаць мірных жыхароў у якасці жывога шчыта”, - сказаў аргентынскі святар, які працягвае працаваць у парафіі, а для бежанцаў адкрыў прыкасцёльную школу. Палестынскія ўцекачы таксама знайшлі прытулак у праваслаўнай царкве XII стагоддзя. У ёй знаходзіцца каля тысячы чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці. Нядаўна там нават прынялі роды. Іншыя бежанцы хаваюцца ў школах. Іх сітуацыя складаная, бо далей працягваецца супрацьстаянне, адчуваецца адсутнасць вады і электрычнасці.

Біскуп Уільям Шомалі з Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма прызнае, што непасрэдным стымулам прывядзення новай хвалі насілля стала забойства трох ізраільскіх падлеткаў. Рэальнай прычынай канфлікту, аднак, з’яўляецца фіяска мірнага працэсу. Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры меў дзевяць месяцаў, каб падрыхтаваць план перамоваў. Тэрмін скончыўся ў красавіку. Гэта выклікала расчараванне палестынцаў і новую напружанасць, - падкрэсліў біскуп Шомалі. Ён запэўнівае, што як у Ізраілі, так і ў Палестыне дастаткова прыхільнікаў міру. Да іх адносяцца, у прыватнасці, рэлігійныя лідэры, якія нядаўна сустракаліся ў Вялікім Рабінаце, каб падкрэсліць, што палестынская кроў так жа важная, як і яўрэйская, таму што кожны чалавек быў створаны на вобраз Божы.

Ізраіль у ліпені пачаў у палестынскім анклаве аперацыю, мэта якой, па словах прадстаўнікоў яўрэйскай дзяржавы, спыненне ракетных абстрэлаў і падрыў ваеннага патэнцыялу “Хамаса”. Дзеянні Тэль-Авіва да 17 ліпеня зводзіліся да дыстанцыйных удараў з паветра і мора. Аднак, затым ізраільская армія пачала наземнае ўварванне ў сектар Газа, асноўнай задачай якога ваенныя назвалі знішчэнне тунэляў, якія палестынскія баевікі пракапалі пад сумеснай мяжой.

За час аперацыі двойчы было абвешчана перамір’е. Першае ізраільцяне ініцыявалі 15 ліпеня, пагадзіўшыся прыняць егіпецкі мірны план. Яно пратрымалася 6 гадзін і было перарвана з-за адмовы баевікоў спыніць пускі ракет. Другое, так званае гуманітарнае перамір’е, – 17 ліпеня, таксама завяршылася датэрмінова.

Колькасць забітых у Газе, паводле мясцовай статыстыкі, ужо перавысіла некалькі сотняў чалавек, а параненых больш за паўтары тысячы. З ізраільскага боку таксама ёсць забітыя, сотні чалавек пацярпелі.







All the contents on this site are copyrighted ©.