2014-07-26 13:26:34

Беларусь: моладзь выбірае адпачынак з Богам


RealAudioMP3 Івянец на Валожыншчыне ў гэты ўікэнд напоўніўся спевамі, тэатральнымі пастаноўкамі і ўсмешкамі. Напярэданні тут адкрылася чарговая Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, на якую сёлета сабралася каля 400 чалавек. Сёння – кульмінацыя гэтай падзеі: дзень распісаны буквальна па хвілінах. Малітва, канферэнцыі, майстар-класы. Напрыклад, запланаваная на адну гадзіну сустрэча з Патрыцыяй Хурляк зацягнулася – па прычыне шматлікіх пытанняў да выкладчыцы. Не дзіўна – маладая жанчына, пісьменніца і рэжысёр амаль 20 год займалася чорнай магіяй, але знайшла ў сабе сілы прыйсці да Касцёла, апынулася на шляху да Бога і палюбіла Яго. Хоць, як прызналася, і праз абрад экзарцызма.

Магія, прыхальнасць да акультных ведаў ці ўвогуле ціваваць да гараскопаў – вынікі культу смерці, які вельмі папулярны ў моладзевым асяроддзі. Хваробу такую могуць падчапіць у тым ліку людзі, якія знаходзяцца ў Касцёле. Сваімі думкамі, перажываннямі і парадамі Патрыцыя, якая ўпершыню прыехала ў Івянец і Беларусь, і падзялілася з моладзю. “Людзі зараз шмат грошай застаўляюць у тых, хто варожыць, на амулеты і іншае. Гэта не хвароба, а такая моцная цікавасць. Гэта яны лічаць модным, у адрозненні ад хрысціянства, якое лічаць састарэлым. Гэта – такі бунт, можа таксама бунт супраць нашых бацькоў”, - лічыць яна.

Простай панацэяй ад такой цікавасці госць назвала 10 запаведзяў, якія не нясуць абмежавання, а павінны абараніць. Увогуле, цікавай інфармацыі было шмат. Малітоўная сустрэча з кожным годам напаўняецца “змястоўнасцю”. У сваю чаргу, Ян Паспяшальскі з Польшчы, кіраўнік музычнай майстэрні, у Івянцы практычна як дома – ужо 12 гадоў прыязджае на гэты форум. Але сёлета ён узяў з сабой і двух сваіх дзяцей – яны як раз ва ўзросце ўдзельнікаў. Менавіта таму госцю і бацьку так добра знаёмыя праблемы і выклікі сучаснай моладзі. Гаджэты, інтэрнэт – яны не пашыраюць, а наадварот звужаюць пазнанне свету і не ўзбагачаюць чалавека. Галоўная мэта такіх сустрэч – менавіта навучыцца адкрываць нармальныя адносіны, і гэта паўсядзённая праца, якой таксама трэба вучыцца. Гэта і робяць удзельнікі музычнай майстэрні ўжо на працягу шасці дзён, адзначыў Ян Паспяшальскі. Шрырасць і адкрытасць маладых дюдзей, якія сюды прыязджаюць, вось найвялікшае багацце. “Атрымліваецца тое, што мы хоць і ўваходзім ў Еўрасаюз, але мы не з’яўляемся багацейшымі за Беларусь. Гэта багацце маеце вы тут, якое мы можам чэрпаць. І я гэта бачу па маіх дзецях. Мая дачка Бася пасля пяці дзён працы з беларускімі хлопцамі і дзяўчынамі не глядзіць на айфон. Яна сядзіць з імі да ночы, размаўляе, вучыцца і сама хоча навучаць”, - падзяліўся Ян Паспяшальскі.

У гэтым годзе сустрэча праходзіць пад дэвізам “Шчаслівыя ўбогія духам” – тэма, вызначаная раней для моладзевых спатканняў Святым Айцом Францішкам. Евангельскае выказванне на першы погляд сучасным людзям можа здацца нейкім аксюмаронам, але гэта не так – благаслаўленне Езуса Хрыста нясе ў сабе глыбокі сэнс – размова аб тым, каб матэрыяльныя каштоўнасці не закрылі Бога, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Напэўна, Касцёл не хоча, каб чалавек быў бедным. Касцёл у сваім сацыяльным вучэнні выступае за справядлівае дзяленне рэсурсаў, у тым ліку прыродных. Касцёл наадварот дапамагае чалавеку – мы ведаем, колькі робіць дабрачынная арганізацыя “Карытас”. Але матэрыяльнае не павінна засланяць Бога. Тады чалавек свабодны становіцца. А багатаму чалавеку заўсёда мала, яму хочацца ўсё больш і больш і ён становіцца вязьнем гэтых матэрыяльных каштоўнасцяў”, - адзначыў іерарх.

Разважаць над такімі сур’езнымі тэмамі ў нефармальных абставінах гатова і моладзь. Для Антона Паплёўкі з Заслаўля – гэта другі адпачынак з Богам, як ён называе гэту сустрэчу, якую ён не прамяняе нават на пляж у такія спякотныя дні, адзначыў удзельнік сустрэчы. “Для мяне, перш за ўсё, гэта рэкалекцыі і адсюль трэба нешта вынесці і разказаць іншым. Калі гэтым не дзяліцца, то гэта будзе проста змарнаваны час. Гэта вельмі карысна, бо назіраем шмат сведчанняў. Не толькі няверуючым людзям патрэбна навяртанне, але і веруючым – аднаўленне сіл і веры”, - растлумачыў малады чалавек.

Сустрэча працягнулася да позняга вечара, завяршыцца форум заўтра. Маладыя католікі развітаюцца да наступнага года, каб сустрэцца зноў у Івянцы і падрахтавацца ўжо да Усебеларускай сустрэчы моладзі, якая пройдзе паралельна з Сустветнымі днямі моладзі ў 2016 г.

Ларыса Абрамчук, Івянец.







All the contents on this site are copyrighted ©.