2014-07-28 11:08:32

Кардынал Мюлер: не можна раніцай пайсці ў Касцёл, а ўвечары ў бардэль


RealAudioMP3 У італьянскіх кнігарнях з’явілася кніга-інтэрв’ю прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, кардынала Герхарда Людвіга Мюлера. Яна носіць назву „La speranza della famiglia” (Надзея сям’і). Спачуванне ніколі не можа быць апраўданнем для адмены запаведзяў або сакрамэнтаў. Гэта было б сур’ёзнай маніпуляцыяй рэальнай міласэрнасцю і безнадзейная спроба апраўдаць уласную абыякавасць да Бога і людзей, перасцярог у ёй іерарх.

Ён спасылаецца на бліжэйшы Сінод Біскупаў аб сям’і і на дыскусію, распачатую выступленнем кардынала Вальтэра Каспера, які дапусціў магчымасць праняцця св. Камуніі разведзенымі католікамі, якія жывуць у не-сакрамэнтальных саюзах. Кардынал Каспер як аргументы прыводзіў менавіта міласэрнасць і факт, што ў сакрамэнце пакаяння кожны грэх можа быць адпушчаны. Спасылаючыся на гэта, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння сказаў, што Бог даруе таксама настолькі сур’ёзны грэх, як чужалоства, але не дазваляе на заключэнне другога сужэнства, якое ставіла б пад сумнеў існуючы сакрамэнтальны саюз. “Такая спасылка на меркаваную абсалютную Божую міласэрнасць гэта гульня слоў, якая не дапамагае растлумачыць тэрміналогіі праблемы. На самой справе, гэта перашкаджае зразумець сапраўдную глыбіню Божай міласэрнасці”, - сказаў кардынал Мюлер. Ён нагадаў, што гэта сакраментальны парадак з’яўляецца справай міласэрнасці. Няправільная спасылка на міласэрнасць пагражае баналізацыяй Божага вобразу, да такой ступені, што Бог больш не будзе свабодным, але будзе вымушаны прабачаць, звярнуў увагу кардынал Мюлер у сваім вялікім інтэрв’ю.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што атрыбутам Бога з’яўляецца не толькі міласэрнасць, але і святасць, і справядлівасць. Ігнараванне гэтых іншых атрыбутаў прыводзіць да баналізацыі граху і робіць непатрэбным саму міласэрнасць.

Кардынал Мюлер таксама перасцярог ад дастасавання хрысціянства да чаканняў свету, каб яно больш не здавалася рэлігіяй суворай, але паліткарэктнай і паменшанай да каштоўнасцяў, якія прымае астатняя частка грамадства. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння нагадаў, што Сын Божы не для таго ўцелавіўся, каб нам прадставіць некалькі простых тэорый, якія супакойваюць сумленне, а па сутнасці пакідаюць усё без змен. “Не можна раніцай пайсці ў Касцёл, а ўвечары ў бардэль”, - падсумаваў кардынал Мюлер.







All the contents on this site are copyrighted ©.