2014-07-28 14:57:46

Святы Айцец сустрэўся з пяцідзесятніцкай супольнасцю


RealAudioMP3 Папа Францішак 28 ліпеня 2014 г. раніцай вярнуўся ў італьянскую Казерту, пасля свайго суботняга пастырскага візіту, каб сустрэцца з пастарам мясцовай пяцідзесятніцкай супольнасці Джавані Траэціна, сваім сябрам яшчэ з часоў служэння ў Буэнас-Айрэсе, куды ён прыязджаў для ўдзелу ў экуменічных ініцыятывах. Сустрэча праходзіла ў пяцідзесятніцкім храме, які яшчэ знаходзіцца на стадыі будаўніцтва. У ёй прынялі ўдзел каля 200 чалавек, у асноўным прадстаўнікі пратэстанцкіх супольнасцяў не толькі з Італіі, але і ЗША, Аргентыны і іншых краін. Пастар Траэціна, які, дарэчы, прымаў удзел 1 чэрвеня 2014 г. у сустрэчы Папы з рухам “Абнаўленне ў Святым Духу” на Алімпійскім стадыёне ў Рыме, актызна ўдзельнічае ў працэсе дыялогу паміж каталіцкімі і пратэстанцкімі харызматычнымі рухамі. Трэба адзначыць, што ў Апостальскай адгартацыі “Evangelii Gaudium” папа Францішак нагадаў, што евангелізацыя – таксама мае на ўвазе працэс дыялогу, які адкрывае Касцёл на супрацоўніцтва з усімі рэчаіснасцямі: палітычнай, сацыяльнай, рэлігійнай і культурнай. І экумэнізм Пантыфік назваў “важным шляхам евангелізацыі”, на якім адбываецца двухбаковае ўзбагачэнне. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў неабходнасць у “евангелізатарах з Духам”, якія не баяцца адкрыцца на дзейнасць Святога Духа. Менавіта Ён дае сілы для абвяшчэння навізны Евангелля са смеласцю, гучна і ў кожным месцы і часе, лічыць Папа.







All the contents on this site are copyrighted ©.