ЗША: апублікаваны даклад аб стане рэлігійнай свабоды ў свеце
Мільёны хрысціян і
паслядоўнікаў іншых рэлігій, такіх як мусульмане і індуісты, вымушаны пакідаць месца
жыхарства па прычыне сваёй веры. На гэта звяртае ўвагу штогадовая справаздача Дзярждэпартамента
ЗША аб рэлігійнай свабодзе ў свеце. Тры чвэрці насельніцтва зямнога шара жыве ў краінах,
дзе яе не паважаюць, нагадаў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў ходзе прэзентацыі дакладу
ў Вашынгтоне 29 ліпеня 2014 г. Ён падкрэсліў, што на тэрыторыі ад Паўднёвай Азіі да
Сахеля ў Афрыцы дзяржаўныя органы пераследуюць рэлігійныя супольнасці. Сярод гэтых
краін першае месца займае Паўночная Карэя, дзе рэпрэсіі ажыццяўляюцца ў дачыненні
да любой рэлігійнай дзейнасці. Побач з ёй таксама згадваюцца Саудаўская Аравія, Іран
і Судан. Акрамя таго, адзначаецца, што ў такіх краінах, як Кітай, Куба, Таджыкістан,
Туркменістан, Узбекістан і Эрытрэя законнай прызнаецца толькі такая рэлігійная дзейнасць,
якую дзяржава выразна дазваляе.
Дакумент спасылаецца на масавую эміграцыю паслядоўнікаў
Хрыста з краін Блізкага Усходу, асабліва Сірыі. Звяртаецца ўвага, што толькі ў горадзе
Хомс колькасць хрысціян з 160 тыс. тры гады таму, да пачатку канфлікту, упала прыкладна
да 1 тыс. Згодна з дакладам Дзярждэпартамэнта, у мінулым годзе больш аднаго мільёна
чалавек былі выгнаны ў выніку мусульманска-хрысціянскага напружання ў Цэнтральнаафрыканскай
Рэспубліцы. У многіх краінах паслядоўнікі Хрыста падвяргаюцца пераследам разам з іншымі
групамі, у тым ліку мусульманамі, у суніцкіх краінах, такіх як Саудаўская Аравія,
або шыіцкіх – Іран. У Бірме і Шры-Ланцы хрысціян, мусульман, будыстаў атакуюць індуісты.
Тых, у сваю чаргу, у Кітаі разам з католікамі не прызнае дзяржава.
Апошні
даклад ЗША аб свабодзе веравызнання не абыходзіць увагай і прыклады міжрэлігійнай
салідарнасці перад абліччам пераследаў. У Пакістане мусульмане баранілі сваіх суседзяў
хрысціян. Таксама ў Егіпце вызнаўцы ісламу захавалі ад нападу з боку сваіх адзінаверцаў
адзін з каталіцкіх храмаў. У Вялікабрытаніі артадаксальныя юдэі дапамаглі мусульманам
гарантаваць бяспеку сваім мячэцям.