2014-07-30 11:54:04

Святы Пасад накіраваў ноту да пасольстваў


RealAudioMP3 Дзяржаўны Сакратарыят Яго Святасці Папы накіраваў у пасольствы, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе, ноту, у якой выказваецца заклапочанасць Пантыфіка ў сувязі з сітуацыяй на Блізкім Усходзе. Аб гэтым паведаміў Ватыканскаму радыё сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці. Ён нагадаў, што ў гэтым рэгіёне хрысціянскія супольнасці несправядліва пакутуюць, прабываюць у страху за сваё жыццё і будучыню, многія былі вымушаны эміграваць. Толькі ў іракскім Масуле, каля 30 храмаў і кляштараў былі занятыя або пашкоджаныя экстрэмістамі. Трэба нагадаць, што ў Іраку, як і ў іншых краінах Блізкага Усходу, хрысціяне прысутнічаюць з пачатку гісторыі Касцёла. Яны заўсёды адыгрывалі значную ролю ў развіцці сваіх краін і хочуць заставацца там у якасці будаўнікоў міру і паяднання.

Святы Пасад, каб аблегчыць сітуацыю пасляжоўнікаў Хрыста, працуе на розных узроўнях, паведаміў арцыбіскуп Мамбэрці. Перш за ўсё, сам Святы Айцец неаднаразова выказваўся па гэтай тэме і выражаў салідарнасць з хрысціянскімі супольнасцямі Блізкага Усходу, запрашаў усіх да малітвы за іх. Ён таксама дасылаў фінансавую дапамогу праз ватыканскія ўстановы для забеспячэння гуманітарных патрэбаў. Са свайго боку Дзяржсакратарыят па ўласных дыпламатычных каналах працягвае стымуляваць увагу міжнародных органаў і кіраўніцтва краін да лёсу хрысціян. І гэта шчырае жаданне Апостальскай Сталіцы, каб міжнародная супольнасць прыняла блізка да сэрца парушэнне асноватворных прынцыпаў: чалавечай годнасці, павагі да правоў кожнага чалавека, мірнага і гарманічнага суіснавання людзей і народаў. Ірак і іншыя краіны Блізкага Усходу пакліканы быць узорам суіснавання розных супольнасцяў, у адваротным выпадку, гэта было б вялікай стратай і дрэннай прыкметай для ўсяго свету, лічыць ватыканскі дыпламат.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі перасцярог, што працяглыя канфлікты могуць нарадзіць “прывыканне” да сумнай і трагічная сітуацыі, пэўнае пачуццё нармальнасці і непазбежнасці, таго, што адбываецца. Гэта вельмі небяспечна. Таму Святы Айцец так шмат заклікае да малітвы за мір і да разрыву заганнага кола нянавісці і насілля, адзначыў арцыбіскуп. Ён яшчэ раз заклікаў тых, хто мае палітычную адказнасць на мясцовым і міжнародным узроўнях, не шкадаваць намаганняў, каб пакласці канец усім ваенным дзеянням і дасягнуць жаданага міру для дабра ўсіх. Іерарх паўтарыў словы Папы аб тым, што дасягненне міру патрабуе больш мужнасці, чым вядзенне вайны, і што цэнтральнае месца ў кожным рашэнні павінна быць аддадзена агульнаму дабру і павазе да кожнага чалавека.







All the contents on this site are copyrighted ©.