2014-08-08 14:16:28

Святы Айцец прызначыў пасланніка ў Ірак


RealAudioMP3 У святле складанай сітуацыі ў Іраку Святы Айцец прызначыў кардынала Фернанда Філоні, прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў сваім пасланнікам у гэту краіну, каб выказаць асабістую блізкасць пакутуючаму насельніцтву і прынесці яму салідарнасць Касцёла, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні апублікаваным 8 жніўня 2014 г. Яшчэ 7 жніўня кс. Фэдэрыка Ламбардзі прачытаў зварот папы Францішка ў сувязі з сітуацыяй у Іраку, у якім Пантыфік звярнуўся да міжнароднай супольнасці і сумленняў усіх з заклікам пакласці канец “трываючай гуманітарнай драме” у гэтай блізкаўсходняй краіне, абараніць пераследаваных і дапамагчы тым, хто застаўся без даху над галавой. Францішак з заклапочанасцю сочыць за навінамі, якія прыходзяць з Іраку і далучаецца да закліку мясцовых біскупаў аб малітве ўсяго Касцёла аб дары міру для гэтай краіны. Святы Айцец звярнуўся да вернікаў праз свой акаунт у “Твітэры”, дзе напісаў: “Прашу ўсіх людзей добрай волі далучыцца да маёй малітвы за іракскіх хрысціян і ўсе супольнасці, якія падвяргаюцца пераследу”.

У выніку наступлення ісламскіх тэрарыстаў у Іраку былі захоплены шэраг гарадоў з хрысціянскім насельніцтвам. Ратуючыся ад насілля, каля 100 тыс. вызнаўцаў Хрыста, сярод якіх жанчыны, пажылыя людзі і дзеці, пакінулі свае дамы і пешшу накіраваліся на поўнач краіны. Пустымі засталіся цэлыя вёскі да гэтага заселеныя хрысціянамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.