2014-08-11 10:52:12

Святы Айцец скіраваў відэапасланне перад падарожжам у Паўднёвую Карэю


RealAudioMP3 “Моладзь з’яўляецца носьбітам надзеі і сілы для будучыні; але ў той жа час ахвярай маральнага і духоўнага крызісу нашага часу. Таму хачу абвяшчаць ёй і ўсім адзінае імя, дзякуючы якому можам быць збаўлены: Езуса, Пана”, - з такімі словамі папа Францішак звярнуўся ў відэапасланні з нагоды апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю, якое было паказана па мясцовым тэлебачанні “KBS” і затым распаўсюджана іншымі карэйскімі СМІ. Святы Айцец заклікаў маліцца, каб яго візіт прынёс добрыя плёны, як для Касцёла, так і для ўсяго карэйскага грамадства. “Устань, заясней!” (Іс 60,1): з гэтымі словамі, якімі прарок звяртаўся да Ерузалема, я звяртаюся да вас. Гэта Пан запрашае вас прыняць Яго святло, прыняць яго ў сэрца, каб адлюстроўваць у жыцці поўным веры, надзеі і любові, поўным радасці Евангелля”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што галоўнай мэтай яго візіту з’яўляецца ўдзел у VI Днях азіяцкай моладзі. “Да моладзі, асаблівым чынам, я прынясу заклік Пана: “Моладзь Азіі, уздыміся! Хвала мучанікаў няхай заззяе над табой”, - сказаў Францішак і нагадаў, што падчас візіту, 16 жніўня 2014 г., узначаліць беатыфікацыю 124 карэйскіх мучанікаў за веру.

“Дарагія карэйскія браты і сёстры, вера ў Хрыста глыбока ўкаранілася ў вашай зямлі і прынесла шматлікія плёны. Пажылыя людзі з’яўляюцца абаронцам гэтай спадчыны: без ніх моладзь была б пазбаўлена памяці. Сустрэча паміж пажылымі і моладзю – гэта гарантыя шляху народу. Касцёл – гэта вялікая сям’я ў якой мы ўсе з’яўляемся братамі ў Хрысце. У Яго імя я прыходжу, каб з радасцю раздзяліць з вамі Евангелле любові і надзеі”, - сказаў Папа.

Падарожжа Святога Айца ў Паўднёвую Карэю працягнецца з 13 па 18 жніўня 2014 г. Гэта будзе першае падарожжа Рымскага Пантыфіка ў Азію, пасля 1999 г., калі Ян Павел ІІ наведваў Індыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.