2014-08-13 15:03:57

Францішак просіць ААН паспрыяць спыненню насілля ў Іраку


RealAudioMP3 “З абцяжараным і ўсхваляваным сэрцам” назіраючы за апошнімі падзеямі на поўначы Іраку, “дзе хрысціяне і іншыя рэлігійныя меншасці былі вымушаны ўцякаць са сваіх дамоў і бачыць разбурэнне сваіх месцаў культу і рэлігійнай спадчыны”, папа Францішак звярнуўся да Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна з заклікам зрабіць усё магчымае, каб спыніць насілле ў гэтай краіне. У спецыяльным пасланні скіраваным 13 жніўня 2014 г. Святы Айцец нагадаў, што накіраваў у Ірак былога апостальскага нунцыя ў гэтай краіне, прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, кардынала Фернанда Філоні, каб выказаць мясцоваму насельніцтву блізкасць і заклапочанасць – сваю асабістую і ўсяго Каталіцкага Касцёла – “пакутамі тых, хто жадае толькі жыць у міры, гармоніі і свабодзе на зямлі сваіх продкаў”.

“З гэтым самым духам, пішу да Вас, спадар Генеральны сактарар, і кладу перад вамі слёзы, боль і вокліч адчаю хрысціян і іншых рэлігійных меншасцяў ўмілаванай зямлі Ірака. Абнаўляючы мой тэрміновы зварот да міжнароднай супольнасці аб умяшанні дзеля заканчэння трываючай гуманітарнай трагедыі, заклікаю ўсе кампетэнтныя органы ААН, асабліва адказныя за бяспеку, мір, гуманітарнае права і дапамогу бежанцам, працягваць прыкладаць намаганні згодна з Прэамбулай і адпаведнымі артыкуламі Хартыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, - напісаў Папа.

Паводле Францішка, сітуацыя на поўначы Ірака не можа не абудзіць сумленні ўсіх людзей добрай волі на канкрэтную салідарнасць, каб абараніць тых, хто пацярпеў ці каму пагражае насілле і гарантаваць неабходную і тэрміновую дапамогу многім людзям, якія засталіся без даху над галавой, а таксама іх бяспечнае вяртанне ў свае гарады і дамы. Пантыфік заклікаў міжнародную супольнасць, памятаючы пра трагічны досвед ХХст., зрабіць усё магчымае, каб спыніць і недапускаць падобнага сістэматычнага насілля супраць этнічных і рэлігійных меншасцяў.

“З даверам, што мой зварот, які далучаю да закліку Усходніх Патрыярхаў і іншых рэлігійных лідэраў, сустрэне пазітыўны адказ, карыстаюся магчымасцю зноў выказаць вашай Эксцэленцыі маю самую высокую павагу”, - напісаў Папа да Генеральнага сакратара ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.