2014-08-15 11:48:31

Святы Айцец падчас Эўхарыстыі ў Тэджоне: быць сілай адраджэння грамадства


RealAudioMP3 Другі дзень апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю папа Францішак пачаў з урачыстай Эўхарыстыі на стадыёне горада Тэджон, у ста кіламетрах ад Сеўла. Пантыфік прыбыў сюды не на верталёце, як планавалася раней, а на хуткасным цягніку. Папа ніколі не падарожнічаў на падобным відзе транспарту і таму вырашыў скарыстацца існуючай магчымасцю. Літургія праходзіла пры ўдзеле амаль 50 тыс. вернікаў. Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначаецца 15 жніўня, паводле Святога Айца нагадавае пра лёс дзяцей Божых, пакліканых да поўнага ўдзелу ў перамозе Пана над грахом і смерцю. Францішак заклікаў вернікаў прасіць Маці Божую дапамагчы заставацца вернымі “валадарскай свабодзе” атрыманай у дзень хросту, і кіраваць сваімі сіламі, каб змяняць свет паводле задумы Божай. Пантыфік перакананы, што хрысціяне могуць быць сілай для духоўнага абнаўлення ўсіх сфер грамадскага жыцця. Ён заклікаў змагацца з матэрыялізмам, які робіць незаўважнымі сапраўдныя духоўныя каштоўнасці і духам нястрыманай канкурэнцыі, які параджае эгаізм і канфлікты. Хрысціяне павінны адмовіцца ад бесчалавечых эканамічных мадэляў, якая страваюць новыя формы беднасці, перакананы Папа.

Францішак заклікаў карэйскіх вернікаў шанаваць свае шляхетныя традыцыі і перадаваць іх будучым пакаленням. Гэта азначае неабходнасць у асабістым навяртанні да Божага Слова і клопаце аб бедных, патрабуючых і самых слабых.

Папа нагадаў, што евангельская надзея з’яўляецца супрацьядзем ад духа роспачы, які падобна ракавай пухліне расце ў грамадстве – знешне багатым, але, якое часта адчувае ўнутраную горыч і пустку. “Колькі маладых людзей заплацілі за гэту роспач! Няхай моладзь, якая ў радасці і з даверам сабралася тут ў гэтыя дні, ніколі не губляе надзеі!”, - заклікаў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі Францішак, папрасіў Панну Марыю дапамагчы карэйскім хрысціянам трываць ў свабодзе дзяцей Божых і мудра карыстацца ёй для служэння братам і сёстрам. “Няхай усім людзям, яна прыносіць надзею, якая знойдзе сваё спаўненне ў вечным Валадарстве, дзе валадаранне азначае служэнне”, - памаліўся Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.