2014-08-17 12:14:23

Пантыфік заклікаў біскупаў Азіі весці дыялог з усімі культурамі


RealAudioMP3 17 жніўня 2014 г. папа Францішак прыбыў у санктуарый Хэмі – месца дзе аддалі жыццё за веру шматлікія хрысціяне, імёны якіх невядомы. Тут адбылася яго сустрэча з біскупамі Азіі. У сваёй прамове Францішак звярнуў увагу на ролю Касцёла на гэтым кантыненце, багатым разнастайнасцю культур. Касцёл пакліканы несці сведчанне Евангелля, праз дыялог і адкрытасць на ўсіх, адзначыў Папа. Адпраўной кропкай у дадзеным заданні, на яго думку, павінна быць яснае ўсведамленне католікамі, сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці. Каб свабодна, адкрыта і плённа, камунікаваць з іншымі трэба разумець кім з’яўляемся, што для нас учыніў Езус і чаго чакае ў адказ, лічыць Пантыфік. Такім чынам важныя сведчанне і дыялог, а моцная хрысціянская ідэнтычнасць павінна быць краевугольным каменнем. Святы Айцец засяродзіўся таксама на цяжкасцях, якія неабходна прадбачаць і імкнуцца пазбягаць. Першая з іх – рэлятывізм. Гэта спакуса, якая ў сённяшнім свеце ўдарае таксама па хрысціянскіх супольнасцях, падкрэсліў Францішак і дадаў, што гаворка ідзе не толькі пра рэлятывізм інтэлектуальны, але таксама практычны і штодзённы, які непазбежна аслабляе любую ідэнтычнасць.

Другая спакуса, на думку Святога Айца, гэта павярхоўнасць: імкненне за модай, уцяканне ад рэчаіснасці. Гэта сур’ёзная душпастырская праблема, сказаў Папа. Для служыцеляў Касцёла павярхоўнасць можа праяўляцца ў захапленні душпастырскімі праграмамі і тэорыямі,за кошт непасрэднай і плённай сустрэчы з вернікамі, асабліва маладымі, якія маюць патрэбу ў моцнай катэхізацыі і надзейным духоўным кіраўніцтве. Без укаранёнасці ў Хрысце, праўды, якімі жывем, паступова слабеюць, практыкаванне цнотаў становіцца фармалізмам, а дыялог зводзіцца да адной з формаў перамоваў, узгадненнем супярэчнасцяў.

Трэцяя спакуса – гэта жаданне схавацца за простымі адказамі, гатовымі выразамі, законамі і правіламі, адзначыў Папа. Вера, па сваёй прыродзе не сканцэтравана на самой сабе, а імкнецца “выходзіць вонкі”, станавіцца больш зразумелай, нараджаць сведчанне і місійнасць. Паводле Францішка хрысціянская ідэнтычнасць заключаецца галоўным чынам у пашане да Бога і любові да іншых, служэнні людзям і сведчанні пра Таго, на каго пакладаецца надзея і давер.

Пасля прамовы Святога Айца ўсе удзельнікі сустрэчы накіраваліся на супольны абед у сталовай санктуарыя Хэмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.