2014-08-17 12:45:13

Чацвёрты дзень візіту ў Карэю Папа пачаў з хросту


RealAudioMP3 Чацвёрты дзень апостальскага падарожжа па Паўднёвай Карэі папа Францішак пачаў з удзялення сакрамэнту хросту, у капліцы нунцыятуры ў Сеуле. Кожны год у гэтай краіне хрост прымаюць каля 100 тыс. чалавек, але гэты выпадак быў незвычайны. Па-першае, таму што сакрамэнт удзяліў сам Папа, а па-другое, таму што гэтым жэстам, Пантыфік даў яшчэ адзін знак суцяшэння для ўсяго карэйскага народа. Справа ў тым, што вернікам, які папрасіў аб уступленні ў хрысціянскую супольнасць быў спадар Лі О Джын, бацька аднаго з юнакоў, загінуўшых падчас крушэння пасажырскага парома “Севол” у красавіку 2014 г. Яшчэ перад прыездам Пантыфіка ён здзейсніў пешую пілігрымку, прайшоўшы амаль 900 км і нясучы ў руках драўляны крыж. 15 жніўня 2014 г., перад св. Імшой на стадыёне ў Тэджоне, мужчына падышоў да Святога Айца і папрасіў аб удзяленні сакрамэнту. Папа з радасцю пагадзіўся.

У цырымоніі, якая прайшла раніцай 17 жніўня, прынялі ўдзел іншыя дзеці Лі О Джына. Хрост адбываўся ў простай форме. Праводзіў абрад карэйскі святар, а Пантыфік асабіста дзейсніў паліванне вадой і намашчэнне святым хрызмам. Лі О Джын пажадаў хрысціцца пад іменем Францішак.

Падчас крушэння парома “Севол” загінулі амаль 300 чалавек, большасць з якіх падлеткі. Папа назваў трагедыю “нацыянальнай катастрофай”, а ў якасці сімвала салідарнасці са сваякамі загінуўшых, падчас свайго візіту ў Паўднёвую Карэю носіць на сутане маленькую жоўтую ленту.








All the contents on this site are copyrighted ©.