Пантыфік прывітаў італьянскіх вальдэнсаў і метадыстаў
Папа Францішак скіраваў
братэрскае прывітанне ўдзельнікам Сіноду вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў Італіі,
які пачаўся 24 жніўня 2014 г. у горадзе Торэ-Пелічэ, недалёка ад Турына. Гаворка ідзе
пра першы падобны зварот Рымскага Пантыфіка ў гісторыі. Пасланне да 180-ці дэлегатаў
падпісаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.
Францішак выказаў удзельнікам падзеі сваю “духоўную блізкасць” і запэўніў, што просіць
Бога “дазволіць усім хрысціянам надалей крочыць па шляху поўнай еднасці, каб сведчыць
аб Пане Езусе Хрысце і несці святло і сілу Яго Евангелля людзям нашага часу”. Пасланне
Пантыфіка было прачытана на першай сесіі Сінода, мадэратарам вальдэнскай секцыі, пастарам
Эўджэніа Бернардзіні. Сінод вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў закончыцца 29 жніўня.
Падчас яго будзе абмяркоўвацца тэма сведчання веры ў кантэксце секулярызацыі і культурных
перамен, характэрных для Італіі і ўсёй Еўропы.
Большасць вальдэнскіх супольнасцяў
яшчэ з XІІ ст. існуе на прыальпійскай тэрыторыі Італіі, Францыі, Швейцарыі і Германіі.
У 1532 г. яны прынялі кальвінісцкае вучэнне. У 1979 г. вальдэнсы і метадысты Італіі
аб’ядналіся, стварыўшы Вальдэнскую Евангельскую Царкву і Саюз вальдэнскіх і метадысцкіх
Цэркваў, які ўваходзіць ў Сусветную Раду Цэркваў.
Вальдэнсы – гэта другая па
колькасці хрысціянская супольнасць у Італіі, якая налічвае каля 100 тыс. вернікаў.