2014-08-25 13:32:14

Святы Айцец салідарны з бацькамі і блізкімі Джеймса Фоулі


RealAudioMP3 “Будзем маліцца аб спыненні насілля і аб світанку супакою і прымірэння для ўсіх членаў чалавечай сям’і”, напісаў папа Францішак у прывітальным пасланні да ўдзельнікаў св. Імшы ў памяць аб варварскі забітым джыхадзістамі ў Іраку амерыканскім рэпарцёры Джэймсе Фоулі. Літургія прайшла вечарам 24 жніўня 2014 г. у адной з парафій Рочэстэра ў ЗША, да якой належаць бацькі і сваякі загінуўшага журналіста. Пасланне Святога Айца было прачытана на заканчэнне Эўхарыстыі. У ім Папа падкрэсліў, што далучаецца да болю блізкіх, сяброў і калегаў Джэймса Фоулі і абяцае ім малітву і духоўную блізкасць.

У св. Імшы прынялі ўдзел некалькі соцен чалавек. Узначаліў літургію мясцовы біскуп Пітэр Лібашы. У сваёй гаміліі іерарх нагадаў пра сілу, якую Джэймс Фоулі і члены яго сям’і заўсёды чэрпалі з веры. Удзельнікі Эўхарыстыі маліліся таксама за амерыканскага журналіста Стівена Сотлафа і іншых закладнікаў, якіх утрымліваюць тэрарысты.

Яшчэ 21 жніўня 2014 г. папа Францішак паразмаўляў з бацькамі Джэймса Фоулі па тэлефоне. Ён выказаў ім падтрымку і салідарнасць. Паводле кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, Пантыфік быў глыбока ўражаны верай маці загінуўшага журналіста.

40-гадовы Джэймс Фоулі быў католікам. Ён закончыў езуіцкі універсітэт ў Маркецце, у штаце Вісконсін. Са сваімі выкладчыкамі журналіст заўсёды знаходзіўся ў кантакце: апавядаў пра свае перамяшчэнні па тэрыторыям ахопленым вайной, пра гуманітарныя ініцыятывы, у якіх прымаў удзел, але, перад усім, прасіў падтрымліваць яго малітвай. Менавіта малітва на ружанцы – як ён сам расказаў у адным з лістоў – давала яму сілу і ўнутраную свабоду, падчас зняволення ў Лівіі ў 2011 г., а затым і ў Сірыі ў 2012 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.