2014-08-26 14:01:45

Ватыканскі дыпламат пра сітуацыю у Іраку: звароты Папы да міжнароднай супольнасці – ясныя


RealAudioMP3 На наступнай сесіі Рады па правах чалавека ААН кардынал Фернанда Філоні “зможа распавесці пра сваю місію ў Іраку”, адзначыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, выступаючы на “Сустрэчы за сяброўства паміж народамі”, якая праходзіць у італьянскім Рыміні. “У гэтым трагічным кантэксце насілля задача Касцёла з’яўляецца нялёгкай, але паслядоўнай. Мы маем яснае сведачанне Святога Айца: ён працягвае звяртацца да міжнароднай супольнасці і да ўсіх нас, вернікаў, каб мы маліліся аб пошуку шляхоў да міру. Ён заклікае да перамоваў і запрашае краіны, якія маюць магчымасць, спыніць агрэсара праз пасярэдніцтва механізмаў ААН”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.
Дыпламат распавёў, што мясцовыя праваслаўныя і каталіцкія біскупы і Патрыярхі, якія прыналежаць да розных абрадаў – сірыйскага, халдэйскага, мельхіцкага, – збіраліся некалькі дзён таму разам і дакладна сфармулявалі накірункі дзеянняў у сітуацыі насілля і пераследу рэлігійных меншасцяў у рэгіёне.

“Па-першае, гэта заклік аб дапамозе з боку міжнароднай супольнасці, каб спыніць насілле і забойствы, і не толькі хрысціян, але і язідаў і іншых груп. Падумаем, што хрысціян абезгалоўліваюць і з фотаздымкаў бачна, што іх галовы вешаюць на крукі, у якасці дэкарацый для сцен і брамаў. Гэта нешта нечуванае і сапраўды недапушчальнае. Па-другое, іерархі просяць аб міжнароднай прысутнасці, якая зможа гарантаваць вяртанне хрысціян ў іх пасяленні і дамы. Несправядліва, што міжнародная супольнасць лічыць хрысціян аўтаматычна наканаванымі на выгнанне. Яны маюць права жыць у сябе дома, дзе пасяліліся 1700 гадоў таму, яшчэ да з’яўлення іслама. Працягваць там жыць – гэта іх натуральнае права. Акрамя таго, адна толькі іх прысутнасць прыносіць карысць і ісламскай супольнасці, дапамагаючы змяніць сацыяльны кантэкст, паступова спрыяючы дэмакратыі, паважаючай самабытнасць кожнага чалавека і кожнай групы”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе лічыць фундаментальна неабходным з боку міжнароднай супольнасці асуджэнне гвалтоўных дзеянняў ісламістаў не толькі ў Іраку, але таксама ў Сірыі і Нігерыі.









All the contents on this site are copyrighted ©.