2014-08-26 12:47:23

Зоркі футболу пацвердзілі ўдзел у міжрэлігійным “Матчы за мір”


RealAudioMP3 Вялікая колькасць легендарных футбалістаў пацвердзіла свой удзел у “Матчы за мір”, які пройдзе на рымскім алімпійскім стадыёне 1 верасня 2014 г. Сярод жадаючых праз спорт скіраваць свету пасланне братэрства і супакою Ліянэль Мэсі, Зінедзін Зідан, Андрэа Пірла, Лука Тоні, Месут Азіл, Лукас Падольскі, Рабэрта Баджо, Філіпа Інзагі, Самуэль Это, Андрый Шаўчэнка, Ранальдзіньа і многія іншыя. Капітанамі каманд, якія сустрэнуцца на полі, будуць італьянскі галкіпер Джанлуіджы Буфон і віцэ-прэзідэнт італьянскага клуба “Інтэр” і былы аргентынскі паўабаронца Хаўер Дзанэці. Выбіралі футбалістаў і рыхтавалі да матчу трэнеры нацыянальнай збонай Аргентыны Херарда Марціна і англійскага “Арсенала” Арсэн Венгер.

Матч за мір, арганізаваны па ініцыятыве папы Францішка, з’яўляецца унікальнай міжрэлігійнай падзеяй. Ніколі ў гісторыі вызнаўцы хрысціянства, іслама, будызма, юдаізма і сінтаізма не выходзілі разам на футбольнае поле, каб сказаць “не” войнам і канфліктам, і тым больш, адгукнуўшыся на ініцыятыву Святога Айца.

“Гэта ідэя нарадзілася падчас адной прыватнай размовы, якую я меў шчасце, правесці з папам Францішкам”, - распавёў Хаўер Дзанэцці падчас прэс-канферэнцыі на Ватыканскім радыё 25 жніўня 2014 г. “Са Святым Айцом мы размаўлялі пра многія рэчы. Сярод таго, што найбольш хвялавала была праблема міру на планеце. І тады нам прыйшла ў голаву ідэя задзейнічаць нашых паплечнікаў і сяброў, што можа стаць адпраўной кропкай для ўсяго свету. Але самым важным з’яўляецца не матч, але пасланне міру для ўсяго свету, якое хоча даць наш Папа”, - сказаў былы аргентыскі футбаліст.

У прэзентацыі “Матчу за мір”, прынялі ўдзел і іншыя футбалісты. Хуан Ітурбэ з рымскай “Ромы” адзначыў, што “шчаслівы прыняць удзел у “Матчы за мір”, а капітан “Лацыа” Крысціян Ледэсма лічыць “гонарам для сябе ўдзельнічаць у такім глыбокім пасланні”.

Перад матчам на рымскім алімпійскім стадыёне выступяць аргентынская спявачка і актрыса Марціна Штосэль, вядомая пад творчым псеўданімам Віялета, і італьянскі спявак Нэк.

Папа Францішак сустрэнецца з удзельнікамі матча 1 верасня каля 16.00 у ватыканскай Зале Паўла VI. Сам Пантыфік не пойдзе на стадыён, але будзе назіраць за спаборніцтвам па тэлевізары. Матч пачнецца ў 20.45 па рымскім часе.








All the contents on this site are copyrighted ©.