2014-08-30 12:03:24

Сірыйскі біскуп: Блізкі Усход можа застацца без хрысціян


RealAudioMP3 Пра драматычную сітуацыю хрысціян у Сірыі расказаў на штогадовай “Сустрэчы дзеля сяброўства паміж народамі”, якая праходзіць ў італьянскім горадзе Рыміні, апостальскі вікарый Алепа, біскуп Абу Хазен. Ён адзначыў, што пасля некалькіх месяцаў аблогі горада, яго жыхарам не хапае, у асноўным, вады і электрычнасці. Аднак паводле іерарха, асноўнай праблемай з’яўляецца ўмяшанне ў гэту трагедыю некаторых сіл звонкі. Паводле апостальскага вікарыя справа тут ідзе не толькі пра крайнія ісламскія групоўкі, але таксама пра падтрымку, якую аказваюць некаторыя краіны Захаду паўстанцам.

“Да гэтага часу Сірыя была мазаікай, якая складалася з 23 розных этнічных і рэлігійных груп. На жаль, зараз хтосці хоча знішчыць гэту мазаіку, і тых, хто хоча зрабіць гэта, падтрымліваюць людзі, якія лічаць сябе дэмакратамі. Але калі дэмакратыя не паважае іншага, якая ж гэта дэмакратыя?!”, - запытаўся мараніцкі біскуп. Ён з болем падкрэсліў, што за ўсім гэтым стаіць ясная палітыка: ачысціць Блізкі Усход ад хрысціян і іншых рэлігійных меншасцяў. Чаму? І на карысць каго? Вось у чым пытанне, - з жалем расказаў біскуп Абу Хазен

Ён падкрэсліў, што цяжкая сітуацыя адносіцца да ўсіх рэлігійных меншасцяў, не толькі хрысціян: “хтосці замест мазаікі, хоча зрабіць манахромны малюнак”. Па словах біскупа існуе шанец выйсці з гэтай сітуацыі,”замест дапамагаць нам у забіванні адзін аднаго, замест дастаўляць зброю, дапамажыце нам прымірыцца паміж сабой”, - звярнуўся іерарх да прысутных у Рыміні.

Апостальскі вікарый Алепа дадаў, што Захад нічога не навучыўся ад развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе і цэлы час прымяняе тыя самыя метады. Іерарх упэўнены, што ў мусульманскім свеце, існуюць памяркоўныя сілы, здольныя пераадолець цяперашні тупік.








All the contents on this site are copyrighted ©.