2014-09-01 13:23:28

Пантыфік паблагаславіць у Ватыкане шлюбныя пары


RealAudioMP3 У нядзелю 20 верасня 2014 г. 20 маладых шлюбных пар з рымскай дыяцэзіі складуць прысягу сужэнскай вернасці перад папам Францішкам. Цырымонія пройдзе ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане падчас св. Імшы, якую ўзначаліць Пантыфік. Гэта падзея адбудзецца тры тыдні перад пачаткам надзвычайнага зграмаджання Сінода біскупаў, які будзе прысвечаны душпастырству сем’яў. Яго працы пройдуць 5-19 кастрычніка 2014 г.

Святы Айцец шмат разоў у сваім навучанні і канкрэтных дзеяннях звяртаў увагу на важнасць сакрамэнту шлюбу і захавання яго духоўнага характару. Напрыклад, 14 лютага гэтага года ён сустрэўся з каля 20 тыс. нарачоных з усяго свету. У прамове да іх даў ім шмат парадаў, каб яны маглі як найлепш перажыць свой саюз. “Дзейнічайце так, быццам бы гэта было сапраўднае свята, таму што шлюбны саюз гэта хрысціянскае свята, а не свята з гэтага свету”, - сказаў тады Папа. Святы Айцец нагадаў таксама, што сужэнства з’яўляецца “працай, якую трэба выконваць на працягу ўсіх дзён і можна сказаць, працай, раместніка ці ювеліра. Вы павінны развівацца ў чалавецтве як мужчына і жанчына”, - дадаў Пантыфік.

Пазней, у сваёй прамове на групы афрыканскіх біскупаў, якія прыбылі з візітам “Ad limina” Святы Айцец звярнуў увагу на святасць і непарыўнасць шлюнага саюзу. “ Хрысціянскае сужэнства з’яўляецца саюзам любові заключаным паміж мужчынай і жанчынай, у якім існуе сапраўднае ахвяраванне сябе, каб адысці ад ілжывых уяўленняў аб сексуальнай свабодзе, а спрыяць і стымуляваць шлюбную вернасць”, - патлумачыў Папа. Пантыфік высока ацаніў праграмы падрыхтовак да заключэння шлюбнага саюзу, якія даюць маладым людзям, як ён падкрэсліў, “новую надзею на будучыню ў якасці мужоў і жонак, бацькоў і маці”.

Перад папам Францішкам, св. Ян Павел ІІ падчас публічнай цырымоніі паблагаславіў многія шлюбныя пары падчас Першай сустрэчы сем’яў са Святым Айцом, якая праходзіла ў Ватыкане 8-9 кастрычніка 1994 г. пад дэвізам: “Сям’я - сэрцам цывілізацыі любові”.








All the contents on this site are copyrighted ©.