2014-09-03 13:28:43

Касцёл, як клапатлівая маці, дапамагае расці ў веры


RealAudioMP3 Мацярынства Касцёла было тэмай катэхезы папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 3 верасня 2014 г. Пантыфік нагадаў, што людзі не становяцца хрысціянамі “самі па сабе, дзякуючы ўласным сілам, аўтаномным чынам”, не становяцца хрысціянамі “лабараторным” шляхам, але нараджаюцца і ўзрастаюць у веры ўнутры вялікага цела, якім з’яўляецца Касцёл. У такім сэнсе Касцёл – гэта сапраўдная маці, якая дае жыццё ў Хрысце і дазваляе жыць разам з іншымі братамі ў адзінстве Святога Духа. “У гэтым сваім мацярынстве, Касцёл мае за прыклад Панну Марыю – самы прыгожы і высокі прыклад, які толькі можа існаваць”, - сказаў Папа і падкрэсліў, што нараджэнне Езуса ва ўлонні Марыі з’яўляецца “сапраўднай прылюдыяй нараджэння кожнага хрысціяніна ва ўлонні Касцёла”. “Усвядомім, што адносіны, якія яднаюць Марыю і Касцёл такія моцныя, як ніякія іншыя: гледзячы на Марыю, мы ўсё больш адкрываем цудоўнае і пяшчотнае аблічча Касцёла; гледзячы на Касцёл – распазнаем узвышаныя рысы Марыі. Мы, хрысціяне – не сіроты! Мы маем маму, маем маці і гэта цудоўна! Мы не сіроты! Касцёл і Марыя – гэта маці!”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак патлумачыў, што мацярынства Касцёла рэалізуецца ў нараджэнні дзяцей праз сакрамэнт хросту. “Кожны раз, калі хрысцім дзіця – яно становіцца дзіцём Касцёла, уваходзіць у Касцёл. І з гэтага часу, ён, як клапатлівая маці, дапамагае расці ў веры і сілай Святога Духа ўказвае нам шлях збаўлення, баронячы ад зла”, - адзначыў Папа.

“Такім чынам, мы ўсе пакліканы прыняць з адкрытым сэрцам слова Божае, якое Касцёл нам штодзённа перадае, таму што яно мае здольнасць змяняць знутры. Толькі Слова Божае мае гэту здольнасць – перанямяць знутры, ад нашых самых глыбокіх каранёў (...) А хто нам дае слова Божае? Маці Касцёл! Ён, як малаком насычае Божым словам сваіх дзяцей, наталяе іх на працягу ўсяго жыцця гэтым Словам, і гэта цудоўна! (...) Слова Божае, якое атрымліваем ад Касцёла перамяняе нас, робіць нашу чалавечнасць пульсуючай не паводле цела, а паводле Духа”, - адзначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Касцёл, як сапраўдная маці, прыкладае ўсе намаганні каб бараніць сваіх дзяцей.

“Гэта абарона заключаецца ў закліку да пільнасці: чуваць, каб не трапіць у пасткі і спакусы злога. Таму што, нават калі Бог і перамог д’ябла, апошні заўсёды вяртаецца са сваімі спакусамі; мы ведаем пра гэта, бо ўсе падвяргаемся ім (...). Д’ябал, “як леў кружыць з рыкам”, кажа св. Пётр. Ад нас жа патрабуецца не быць неразумнымі, але чуваць і супрацьстаяць, будучы моцнымі ў веры. Супрацьстаяць, дзякуючы парадам Маці Касцёла, супрацьстаяць з дапамогай Маці Касцёла, які, як добрая мама, заўсёды суправаджае сваіх дзяцей у цяжкія моманты”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Касцёл складаюць не толькі святары і біскупы, але ўсе ахрышчаныя людзі. Ён заклікаў прасіць Панну Марыю, каб навучыла адносіцца да іншых людзей у духу мацярынства – гэта значыць са здольнасцю прымаць, прабачаць, падтрымліваць, даваць надзею і давер.

Напрыканцы аўдыенцыі, вітаючы маладыя сужэнскія пары прысутныя на плошчы св. Пятра, Папа адзначыў, што ажаніцца сёння – гэта мужны акт. Ён заклікаў сужонкаў прыкладаць намаганні, каб захоўваць жывым свой кантакт з Богам і такім чынам заўсёды захоўваць сваю любоў сапраўднай і трывалай.








All the contents on this site are copyrighted ©.