Сусветная рада Цэркваў за стварэнне міжнароднага трыбуналу па Іраку і Сірыі
Сусветная рада Цэркваў
патрабуе стварэння міжнароднага трыбунала па злачынствах у Іраку і Сірыі. З такой
заявай экуменічная арганізацыя звярнулася да Рады ААН па правах чалавека, пасля візіту
яе дэлегатаў у Курдыстан – рэгіён у якім знайшлі прытулак дзесяткі тысяч хрысціян
з паўночнага Іраку. “Мы мелі магчымасць паразмаўляць і сабраць сведчанні вялікай колькасці
бежанцаў з Масула, з даліны Нінівы і іншых месцаў, якія знаходзяцца пад кантролем
так званай “Ісламскай дзяржавы”, - распавёў кіраўнік аддзела міжнародных спраў Сусветнай
рады Цэркваў, аўстраліец Пітэр Прув. Ён адзначыў, што экуменічная дэлегацыя атрымала
шмат інфармацыі аб нечалавечых і гвалтоўных дзеяннях джыхадзістаў, якія намагаюцца
любым коштам знішчыць рэлігійную разнастайнасць блізкаўсходняга рэгіёна. Пітэр Прув
падкрэсліў існаванне патрэбы ў “яснай міжнароднай дзейнасці, на карысць захавання
і абароны” гэтага багацця Блізкага Усходу.
“Нейтралізацыя вайсковых агрэсіўных
магчымасцяў “Ісламскай дзяржавы” і выкараненне яе атрутнай ідэалогіі, павінна мець
найвышэйшую важнасць для ўсёй міжнароднай супольнасці, але перш за ўсё для нашых братоў,
сясцёр і сяброў – вызнаўцаў іслама, імя якога так званая “Ісламская дзяржава” абражае
сваімі зверствамі”, - цытуе словы Пітэра Прува ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.
Сусветная
рада Цэркваў (World Council of Churches) – гэта найбуйнейшая экуменічная арганізацыя,
заснаваная ў 1948 г. у Амстэрдаме. Яе членамі з’яўляюцца 348 хрысціянскіх Цэркваў
і супольнасцяў, з больш чым 100 краін свету. Каталіцкі Касцёл фармальна не ўваходзіць
у склад Рады, але шырока супрацоўнічае з ёй.