2014-09-05 16:39:57

“Хрысціянін і права”. Канфірмацыя


Сёння мы пагаворым аб наступным сакрамэнце хрысціяскай ініцыяцыі – а менавіта, аб канфірмацыі або бежмаванні. Што гэта за сакрамэнт? Навошта ён патрэбны? 879-ы канон нагадвае нам, што сакрамэнт канфірмацыі накладае свой характар і дзякуючы гэтаму сакрамэнту ахрышчаныя, ідучы шляхам хрысціянскай ініцыяцыі, надзяляюцца дарам Духа Святога і больш поўна звязваюцца з Касцёлам, сакрамэнт канфірмацыі умацоўвае іх і больш строга абавязвае да таго, каб яны словам і чынам былі сведкамі Хрыста і распаўсюджвалі і абаранялі веру. Іншымі словамі, гэты сакрамэнт умацоўвае чалавека дарамі Духа Святога і дае яму моц вызнавання веры ў асабліва цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

Сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляецца праз намашчэнне хрызмам на лбе, што ажыццяўляецца праз накладанне рукі і праз словы, прадпісаныя ў зацверджаных літургічных кнігах. Хрызма, якое выкарыстоўваецца ў сакрамэнце канфірмацыі, павінна быць кансэкравана біскупам, звычайна гэта адбываецца ў Вялікі Чацвер падчас Імшы Хрызма. Алей павінен быць кансэкраваны біскупам нават тады, калі распарадчыкам з’яўляецца прэзбітэр.

Бо наогул, звычайным распарадчыкам канфірмацыі (г.зн. тым, хто ў звычайных сітуацыях удзяляе гэты сакрамэнт) з’яўляецца біскуп; але існуюць тры сітуацыі, калі з моцы самога права ўдзяляць канфірмацыю можа прэзбітэр – па-першае, прэзбітэр, прыроўнены правам да дыяцэзіяльнага біскупа. Напрыклад, некалькі месяцаў таму Віцебская дыяцэзія яшчэ не мела свайго дыяцэзіяльнага біскупа, і дыяцэзіяй кіраваў апостальскі адміністратар, які не быў біскупам, а быў прэзбітэрам, так вось у такой сітуацыі адміністратара мог удзяляць сакрамэнт канфірмацыі. Другая сітуацыя – падчас хросту таго, хто выйшаў з дзіцячага ўзросту (г.зн. пасля 7 году жыцця). Гаворачы пра хрост, мы ўжо казалі аб тым, што калі чалавек, ужо будучы дарослым, прымае сакрамэнт хросту, то ён адразу павінен прыняць сакрамэнты канфірмацыі і Камуніі. Іншымі словамі, калі святар хрысціць дарослага, то ён таксама павінен удзяліць яму сакрамэнт канфірмацыі. І трэцяя сітуацыя – калі існуе небяспека смерці, то кожны прэзбітэр можа ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі.

Але таксама сапраўдным чынам гэты сакрамэнт удзяляе прэзбітэр, надзелены спецыяльным паўнамоцтвам біскупа, г. зн. у выпадках, не прадугледжаных правам. Напрыклад, у парафіі моладзь падрыхтавалася да канфірмацыі, але біскуп захварэў і не можа прыехаць, у такім выпадку ён дае спецыяльнае паўнамоцтва для канфірмацыі ў гэтай парафіі нейкаму прэзбітэру (напрыклад, пробашчу).

Як і ў выпадку з сакрамэнтам хросту, прыняць сакрамэнт канфірмацыі здольны кожны ахрышчаны і толькі той ахрышчаны, які яшчэ не прыняў гэтага сакрамэнту. Па-за небяспекай смерці для таго, каб хтосьці мог годна прыняць сакрамэнт канфірмацыі, патрабуецца, каб ён, здольны да ўжывання розуму, атрымаў належныя настаўленні, адпаведным чынам быў дыспанаваны і мог узнавіць абяцанні, дадзеныя пры хросце. Часта ўзнікае пытанне – калі прымаць сакрамэнт канфірмацыі. Дакладны век удзялення гэтага сакрамэнту не акрэсліваецца. Касцёльнае права гаворыць, што сакрамэнт канфірмацыі трэба ўдзяляць вернікам з набліжэннем свядомага ўзросту, гэта значыць тады, калі чалавек можа сам з поўнай адказнасцю засведчыць аб тым, што ён хрысціянін і хоча праз усё сваё жыццё быць верным навуцы Хрыста. Рэкамендуецца ўдзяляць сакрамэнт канфірмацыі каля шаснаццатага году жыцця.

Касцёльнае права гаворыць, што калі магчыма, таго, хто прымае канфірмацыю, суправаджае сведка, заданне якога – клапаціцца аб тым, каб канфірмаваны быў сапраўдным сведкам Хрыста і верна выконваў абавязкі, які выцякаюць з гэтага сакрамэнта. Патрабаванні да сведкі канфірмацыі такія самыя, як і патрабаванні для хросных бацькоў для хросту (нават вельмі пажадана, каб сведкам канфірмацыі быў адзін з хросных), а менавіта, сведка канфірмацыі павінен быць прызначаны тым, хто прымае гэты сакрамэнт, павінен быць здольным да гэтага і мець намер выканаць дадзены абавязак; сведка павінен быць асобай, дасягнуўшай шаснаццацігадовага ўзросту, з’яўляцца католікам, ужо прыняўшым канфірмацыю і Найсвяцейшую Эўхарыстыю, а таксама праводзіць жыццё, згоднае з верай і з тым абавязкам, не быць звязаным ніякім кананічным пакараннем і не з’яўляцца бацькам або маці таго, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі.

Удзяленне сакрамэнту канфірмацыі павінна быць аднатавана ў спецыяльнай кнізе, аб чым павінен паклапаціцца пробашч парафіі.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы пачнём гаварыць пра Сакрамэнт Эўхарыстыі, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.