2014-09-05 16:44:16

“Хрысціянін і права”. Пасвячэнне (ІІ)


RealAudioMP3 Сёння ў нашай праграме мы працягнем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту пасвячэння, і сёння больш падрабязна застановімся над патрабаваннямі, якія ставяцца да кандыдатаў да прыняцця гэтага сакрамэнту.Па-першае, варта заўважыць, што святое пасвячэнне сапраўдным чынам прымае толькі ахрышчаны мужчына. Для годнага прэзбітэрскага або дыяканскага пасвячэння патрабуецца, каб кандыдат прайшоў пэўныя іспыты, прадугледжаныя правам, быў адпаведным чынам падрыхтаваны, быў па суджэнні свайго біскупа або кампетэнтнага старэйшага Настаяцеля, надзелены адпаведнымі якасцямі, не быў стрымліваны ніякай забаронай і ніякай перашкодай; акрамя гэтага, павінны быць у наяўнасці дакументы, аб якіх пагаворым трохі пазней.

Напэўна ўсе мы добра ведаем, што Бог стварыў нас свабоднымі, таму для таго, каб пасвяціць каго-небудзь, трэба, каб гэтая асоба мела адпаведную свабоду; нікога нельга прымушаць да прыняцця пасвячэння любым спосабам і па любой прычыне, а таксама нікога нельга ад прыняцця пасвячэння адцягваць.

Прэзбітэрат можна ўдзяляць толькі тым, хто дасягнуў дваццаціпяцігадовага ўзросту і з’яўляецца дастаткова сталым, захоўваючы шасцімесячны інтэрвал паміж дыяканскім і прэзбітэрскім пасвячэннем; тыя, хто прызначаецца да прэзбітэрату, могуць быць дапушчаныя да дыяканату толькі пасля дасягнення дваццацітрохгадовага ўзросту. У Касцёле ёсць таксама сталыя дыяканы – гэта тыя, якія атрымліваюць толькі сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыякана і не рыхтуюцца да прыняцця прэзбітэрату, і такі сакрамэнт можа прыняць таксама жанаты мужчына, толькі права прадугледжвае, што нежанатага кандыдата да сталага дыяканату можна дапусціць да яго не раней, чым ён дасягне дваццаціпяцігадовага ўзросту; а жанатага – не раней, чым яму споўніцца трыццаць пяць гадоў і для гэтага патрабуецца згода жонкі. Дыяцэзіяльны Біскуп можа даць дыспенсу ад патрабаванняў узросту, але не больш, чым на адзін год.

Важным элементам з’яўляецца падрыхтоўка кандыдатаў. Натуральна, што для прыняцця сакрамэнту пасвячэння, чалавек павінен авалодаць нейкім матэрыялам, таму існуюць прадпісанні права, якія гавораць, што кандыдат да прэзбітэрату можа быць прадстаўлены да дыяканскага пасвячэння толькі пасля таго, як ён пройдзе пяцігадовы курс філасофска-тэалагічнага навучання, пасля заканчэння курса навучання перад прадстаўленнем да прэзбітэрату дыякан павінен на працягу адпаведнага тэрміну, акрэсленага біскупам або кампетэнтным старэйшым настаяцелем, прымаць удзел у душпастырстве, выконваючы абавязкі дыякана, а кандыдат да сталага дыяканату можа быць прадстаўлены да пасвячэння толькі пасля заканчэння перыяда падрыхтоўкі.

Годна да пасвячэння дапускаецца толькі той, хто прыняў сакрамэнт святой канфірмацыі. Перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння існуе таксама абрад прыняцця ў кандыдаты да пасвячэння, праз які абвяшчаюцца Касцёлу імёны тых, хто мае намер прыняць сакрамэнт пасвячэння. Мы ўжо казалі аб тым, што сакрамэнты ўдзяляюцца такому чалавеку, які адпаведным чынам падрыхтаваны і просіць аб удзяленні сакрамэнтаў. Таму кандыдат для таго, каб атрымаць магчымасць быць прадстаўленым да дыяканата або прэзбітэрата, павінен падаць уласнаму біскупу або кампетэнтнаму старэйшаму настаяцелю прашэнне, напісанае і падпісанае ўласнай рукой, якое сведчыць аб тым, што ён дабравольна і свабодна хоча прыняць святое пасвячэнне і хоча назаўсёды прысвяціць сябе служэнню Касцёла, і якое таксама выражае просьбу аб дапушчэнні яго да прыняцця пасвячэння. Нежанаты кандыдат да сталага дыяканату, а таксама кандыдаты ў прэзбітэрат, не павінны быць дапушчаныя да дыяканату, пакуль паводле прадпісанага абраду публічна перад Богам і Касцёлам не прымуць абавязак цэлібату або складуць вечныя абяцанні ў манаскім інстытуце.

Можа так здарыцца, што пасвечаны дыякан не хоча прымаць сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння, ў такім выпадку яму нельга забараніць выканання прынятага пасвячэння, хіба што яго ўтрымлівае кананічная перашкода або іншая паважная прычына, якую павінен ацаніць дыяцэзіяльны біскуп або кампетэнтны старэйшы настаяцель.

Таксама важным элементам перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння з’яўляецца духоўная падрыхтоўка, таму ўсе кандыдаты да якога-небудзь пасвячэння абавязаны ўдзельнічаць у духоўных практыкаваннях па меншай меры на працягу пяці дзён, у месцы і паводле парадку, акрэсленага ардынарыем; а біскуп перад тым, як прыступіць да пасвячэння, павінен упэўніцца ў тым, што кандыдат належным чынам удзельнічаў у гэтых практыкаваннях.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай перадачы мы разгледзем перашкоды і забароны, якія могуць узнікнуць перад кандыдатамі і тымі, хто ўжо прыняў сакрамэнт пасвячэння, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.