2014-09-05 16:37:57

“Хрысціянін і права”. Хрост (І)


Сёння ў нашай праграме мы пачынаем гаворку аб нормах кананічнага права, якія рэгулююць удзяленне сакрамэнту святога хросту. Як мы ўсе добра ведаем, што святы хрост – гэта першы і найважнейшы сакрамэнт кожнага хрысціяніна. 849-ы канон нагадвае, што хрост, брама сакрамэнтаў, прыняты на самой справе або хаця б у намеры, неабходны для збаўлення, дзякуючы яму людзі вызваляюцца ад грахоў, адраджаюцца ў дзяцей Божых і, упадобіўшыся да Хрыста незгладжальнай пячаткай, уключаюцца ў Касцёл, сапраўдным чынам хрост удзяляецца толькі праз абмыцце ў сапраўднай вадзе з адпаведнай слоўнай формулай.

У мінулай нашай перадачы мы ўжо гаварылі аб тым, што сакрамэнты трэба ўдзяляць таму, хто належным чынам аб гэтым просіць і падрыхтаваны да іх прыняцця. Таму таксама цэлебрацыя хросту павінна быць падрыхтавана належным чынам. Што датычыць дарослага, які хоча прыняць святы хрост, (а ў выпадку хросту дарослым лічыцца таксама дзіця, старэйшае за 7 гадоў) то яго трэба дапусціць да катэхуменату – гэта значыць да асаблівага прыгатавання да прыняцця гэтага сакрамэнту і па магчымасці паступова давесці яго да хрысціянскай ініцыяцыі, якая ўключае ў сябе прыняцце адразу трох сакрамэнтаў – хросту, канфірмацыі і Святой Камуніі. Калі гаворка ідзе аб хросце дзіцяці, то яго бацькоў, а таксама тых, хто прыме на сябе абавязкі хросных, трэба належным чынам павучыць адносна значэння сакрамэнту і тых абавязацельств, якія ён цягне за сабой; і гэта з’яўляецца абавязкам пробашча, які асабіста або праз іншых, павінен паклапаціцца аб тым, каб даць бацькам належныя настаўленні праз пастырскія парады і сумесныя малітвы.

Хрост удзяляецца праз паліванне або пагружэнне ў ваду. Вада, якая выкарыстоўваецца пры хросце, павінна быць паблагаслаўлёнай, акрамя выпадкаў неабходнасці. Напрыклад, здараюцца сітуацыі, калі чалавек знаходзіцца ў небяспецы смерці, тады ахрысціць яго можа любы іншы чалавек нават неблагаслаўлёнай вадой, але больш канкрэтна аб гэтым пагаворым пазней.

855-ы канон гаворыць аб тым, што бацькі, хросныя і пробашч павінны клапаціцца аб тым, каб не давалася імя, чужое хрысціянскаму духу. Сёння вельмі модным стала ў нашым грамадстве даваць дзецям нетрадыцыйныя імёны, і нажаль, даволі часта гэтыя імёны не маюць нічога супольнага з хрысціянствам. Многія стагоддзі існуе традыцыя надаваць дзецям імёны святых – вучняў Хрыста, якія засталіся назаўсёды вернымі Пану, і такі святы становіцца апекуном нованароджанага дзіцяці.

Вельмі часта ўзнікае пытанне – калі можна ўдзяляць хрост. Многіх хвалюе, ці можна хрысціць, напрыклад, падчас Вялікага Посту ці пасля смерці нейкага блізкага чалавека. Мы ўжо казалі, што хрост – гэта першы і галоўны сакрамэнт, таму няма ніякіх абмежаванняў, якія датычаць дня ўдзялення сакрамэнту. Але важна ўмець аддзяляць ад сябе цэлебрацыю хросту і святкаванне гэтай урачыстасці. Таму, калі хрост па нейкіх прычынах цэлебруецца падчас Вялікага Посту, варта перанесці святкаванне гэтай урачыстасці на іншы час. Хрост кожнага новага чалавека – гэта не толькі свята для сям’і, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці, таму трэба прымаць за правіла, што дарослага трэба хрысціць у яго парафіяльным касцёле, а дзіця – у парафіяльным касцёле яго бацькоў, і хрост можа цэлебравацца ў любы дзень, рэкамендуецца, каб звычайна ён цэлебраваўся ў нядзелю на святой Імшы, або, па магчымасці, у Пасхальную Вігілію. Але калі існуюць нейкія спецыяльныя надзвычайныя абставіны, напрыклад, хвароба ці небяспека смерці, хрост заўсёды можна ўдзяліць у любым адпаведным месцы, напрыклад, у шпіталі.

Хто можа ўдзяляць сакрамэнт хросту? У звычайнай сітуацыі хрысціць можа біскуп, прэзбітэр і дыякан, але галоўным, хто павінен гэта рабіць, з’яўляецца парафіяльны пробашч. Калі аднак гэтыя асобы адсутнічаюць або маюць перашкоду, то хрост можна ўдзяліць іншая асоба, дэлегаваная для гэтага, больш таго, у выпадку неабходнасці, (напрыклад, пры небяспецы смерці) гэта можа зрабіць кожны чалавек, нават неахрышчаны, які мае належны намер, гэта значыць, што ён сапраўды хоча ахрысціць. Такія надзвычайныя сітуацыі здараюцца, на шчасце, даволі рэдка, аднак душпастыры, а асабліва пробашчы, павінны клапаціцца аб тым, каб вернікі былі навучаныя правільнаму парадку хросту, асабліва гэта датычыць вернікаў, якія працуюць у шпіталях і іншых падобных месцах.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб удзяленні сакрамэнту хросту. А на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.