2014-09-05 16:40:12

“Хрысціянін і права”. Эўхарыстыя (ІІ)


Сёння мы працягваем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю Найсвяцейшай Эўхарыстыі і ў гэтай перадачы больш падрабязна пагаворым аб удзеле вернікаў у цэлебрацыі гэтага сакрамэнту. 912-ы канон прыгадвае напэўна добра вядомую для кожнага з нас праўду, што кожны ахрышчаны, якому не забараняе права, можа і павінен быць дапушчаны да Святой Камуніі. Тут гаворка ідзе толькі аб знешніх умовах прыняцця Камуніі (аб унутраных мы пагаворым праз некалькі хвілін), таму што з Божага ўстанаўлення кожны ахрышчаны мае права, каб яму ўдзялялася Святая Камунія, таму святары без належных прычын не павінны адмаўляць вернікам ва ўдзяленні гэтага сакрамэнту.

Напэўна, многія з нас удзельнічалі ў прыгожай урачыстаці Першай Святой Камуніі дзетак. І можа большасць з нас, дарослых, у часы свайго дзяцінства не мелі магчымасці прымаць так урачыста сваю Першую Святую Камунію, але заўсёды варта памятаць, што гэтай прыгожай урачыстаці папярэднічае даволі сур’ёзная падрыхтоўка, бо для таго, каб Найсвяцейшую Эўхарыстыю можна было ўдзяліць дзецям, ад іх патрабуюцца дастатковыя веды і дакладная падрыхтоўка, каб яны, паводле сваіх здольнасцяў да разумення, спасціглі таямніцу Хрыста і маглі з верай і адданасцю прыняць Цела Пана, каб яны разумелі, што яны не проста нешта з’ядяюць, толькі прымаюць у сваё сэрца сапраўднае Цела Езуса Хрыста. Права аднак дазваляе тым дзеткам, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці, ўдзяліць Найсвяцейшую Эўхарыстыю без такой доўгай падрыхтоўкі, але і тады яны павінны быць здольнымі адрозніць Цела Хрыста ад звычайнай ежы, і могуць з пашанай прыняць Камунію. Нажаль, здараюцца сітуацыі, калі Святая Камунія трактуецца як нейкі лек – калі яго прыняць, то адразу палягчэе, але гэта зусім не так. Менавіта абавязкам перад усім бацькоў і пробашча парафіі з’яўляецца клопат аб тым, каб дзеці, былі добра падрыхтаваны і маглі як мага хутчэй прыняць Святую Камунію, перад гэтым паспавядаўшыся; апрача гэтага ў пробашча ёсць яшчэ адзін важны абавязак - ён павінен сачыць за тым, каб да Святой Камуніі не дапускаліся дзеці, недастаткова да гэтага падрыхтаваныя. Канешне, гэта справа вельмі дэлікатная, але мы заўсёды павінны жыць у праўдзе, і калі сапраўды дзіця не гатовае прыняць Святую Камунію, лепш пачакаць некаторы час, чым дапусціць нягоднае прыманне Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Нажаль існуюць сітуацыі, калі чалавек знаходзіцца ў касцёльным пакаранні, і гэтае пакаранне можа быць аб’яўленае або неаб’яўленае (аб гэтым пагаворым трохі пазней), дык вось да святой Камуніі не павінны быць дапушчаныя пакараныя экскамунікай або інтэрдыктам пасля накладання або аб’яўлення пакарання, а таксама іншыя, упарта прабываючыя ў цяжкім граху (напрыклад, пары, якія жывуць у несакрамэнтальным саюзе).

Цяпер пагаворым аб унутраных умовах прыняцця Святой Камуніі. 916-ы канон кодэксу гаворыць, што свядомы цяжкага граху, без папярэдняй сакрамэнтальнай споведзі не павінен ні цэлебраваць Імшу (гэта датычыць святара), ні прымаць Цела Пана, хіба што ёсць сур’ёзная прычына да гэтага і адсутнічае магчымасць паспавядацца; у гэтым выпадку ёсць абавязак выканаць акт дасканалага жалю, які ўключае ў сябе намер паспавядацца як мага хутчэй. Гэты канон апісвае агульную сітуацыю, якую мы добра ведаем – той, хто знаходзіцца ў стане цяжкага граху не павінен прымаць Святую Камунію. Але ў жыцці здараюцца розныя сітуацыі – напрыклад, што рабіць святару, калі ён знаходзіцца ў стане цяжкага граху і павінен цэлебраваць Святыя Імшы або што рабіць, напрыклад, нарачонаму падчас цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства, які, праўда, паспавядаўся два дні перад шлюбам, але пасля зноў здзейсніў нейкі грэх і няма абсалютна нікай магчымасці паспавядацца перад шлюбам? Ясна, што святар не можа выйсці на амбону і сказаць, што сёння Святой Імшы не будзе, бо я знаходжуся ў стане граху і мне трэба ехаць спавядацца да іншага святара за сто кіламетраў, таксама шмат размоў народзіць сітуацыя, калі падчас шлюбу адзін з сужонкаў не прыступіў да Святой Камуніі. Канешне, лепш такіх сітуацый не даспускаць, але жыццё – гэта жыццё, а людзі заўсёды слабыя і грэшныя, і ў такіх сітуацыях чалавек (ці святар, ці свецкая асоба) павінны ўчыніць дасканалы жаль за грахі з намерам паспавядацца пры першай магчымасці. Але яшчэ раз паўтару, што такія сітуацыі выключныя, і абсалютна нельга зрабіць “звычкай” прыступаць да Святой Камуніі ў стане цяжкага граху, тлумачачы сабе, што некалі пры магчымасці з гэтага паспавядаюся.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб удзеле вернікаў у цэлебрацыі і прыняцці Найсвяцейшага сакрамэнту. А на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.