Папа перад “Анёл Панскі”: папраўляючы брата – памятаць аб уласнай грахоўнасці
Перш чым папраўляць
свайго бліжняга, неабходна ўзгадаць, што самі з’яўляемся грэшнікамі і патрабуем Божага
прабачэння, – такую параду папа Францішак даў вернікам перад малітвай “Анёл Панскі”
на плошчы св. Пятра 7 верасня 2014 г. “Евангелле гэтай нядзелі – 18 раздзел паводле
св. Мацвея – знаёміць з тэмай братэрскага папраўлення ў супольнасці вернікаў: якім
чынам я павінен папраўляць іншага хрысціяніна, калі ён робіць нешта нядобрае, – сказаў
Папа. – Езус нас вучыць, што калі мой брат-хрысціянін, становіцца вінаватым перада
мной, абражае мяне, то трэба адносіцца да яго з любоўю, перш за ўсё, размаўляючы з
ім асабіста, тлумачачы, што яго ўчынкі ці словы – нядобрыя. А калі брат не слухае
мяне? Езус раіць дзейнічаць паступова: напачатку, зноў паразмаўляць у прысутнасці
двух ці трох асобаў, каб ён больш усвядоміў учыненую памылку; калі, нягледзячы на
гэта, не паслухаецца, неабходна сказаць Касцёлу; а калі не паслухаецца Касцёла, трэба
дапамагчы яму ўсвядоміць той падзел і раскол, які ён сам справакаваў, праз аддаленне
яго ад супольнасці братоў у веры.
Этапы гэтага шляху ўказваюць на патрабаванні,
аб якіх Пан просіць свой Касцёл, дзеля суправаджэння тых, хто памыляецца, каб яны
не згубіліся. Неабходна, перш за ўсё, пазбягаць ляманту і пляткарства ў супольнасці
– гэта першае, чаго неабходна пазбягаць. “Пайдзі і дакары яго сам-насам” (Мц 18,15).
Неабходна далікатнасць, разважлівасць, пакора, увага да тых, хто правініўся, каб словы
не ранілі і не забівалі брата. Вы ведзь ведаеце, што таксама і словы забіваюць! Калі
я нагаворваю, калі несправядліва крытыкую, калі “аблупліваю” свайго брата мовай –
гэта забівае яго імя! Таксама і словы забіваюць. Будзем уважлівымі да гэтага. Прапанова
паразмаўляць сам-насам, мае на мэце не забіваць бессэнсоўна грэшніка: паразмалялі
паміж сабой, ніхто не чуў, і кончана!
У святле гэтай патрэбы, можна зразумець
таксама і серыю наступных дзеянняў, якія прадугледжваюць далучэнне некаторых сведкаў
і нарэшце супольнасці вернікаў. Мэта гэтага ўсяго ў тым, каб дапамагчы асобе ўсвядоміць
свае ўчынкі: што імі ён абразіў не толькі аднаго, але ўсіх. Але таксама і дапамагчы
нам пазбавіцца ад гневу і нянавісці, якія прыносяць толькі шкоду: ад гэтай сардэчнай
горычы, якая вядзе да гневу і нянавісці, абразаў і нападак. Вельмі непрыемна бачыць,
калі з вуснаў хрысціяніна выходзяць абразы і агрэсія. Гэта кепска. Зразумела? Ніякіх
абразаў! Абразы – гэта не па-хрысціянску.
На самой справе, перад Богам мы ўсе
грэшнікі, патрабуючыя прабачэння. Усе. Таму Езус казаў: не судзіце. Братэрскае папраўленне
– гэта адзін з аспектаў любові і адзінства, якія павінны панаваць у хрысціянскай супольнасці,
гэта ўзаемнае служэнне, якое можам і павінны аказваць адно аднаму. Папраўляць брата
– гэта служэнне, і яно становіцца магчымым і плённым, толькі калі кожны прызнае сябе
самаго грэшнікам і патрабуючым прабачэння Пана. Сумленне, якое дапамагае мне бачыць
памылкі іншых, яшчэ перад гэтым нагадвае, што я сам памыляўся і памыляюся вельмі часта.
Таму,
на пачатку св. Імшы, кожны раз мы запрашаемся вызнаць перад Богам, што з’яўляемся
грэшнікамі, выказваючы словамі і жэстамі шчырае сардэчнае пакаянне. Мы кажам: “Пане,
змілуйся нада мною. Я грэшнік! Спавядаюся Богу Усемагутнаму са сваіх грахоў”, але
не так: “Пане, змілуйся над тымі, хто стаіць побач са мною, бо яны грэшнікі”. Не!
“Змілуйся нада мною!”. Мы ўсе грэшнікі і патрабуем прабачэння Пана. Гэта Святы Дух
прамаўляе да нашай душы і дапамагае вызнаць нашы правіны ў святле слова Езуса. І менавіта
сам Езус запрашае ўсіх нас, святых і грэшнікаў, на сваю вячэру, збіраючы на скрыжаваннях
дарог, з розных жыццёвых сітуацый (пар. Мц 22,9-10). Сярод характарыстык, якія аб’ядноўваюць
удзельнікаў эўхарыстычнай цэлебрацыі, ёсць дзве фундаментальныя – дзве характарыстыкі,
добрага ўдзелу ў Імшы: мы ўсе грэшнікі і Бог дае сваю міласэрнасць усім. Гэта дзве
характарыстыкі, якія адкрываюць дзверы, для добрага ўдзелу ў Імшы. Мы павінны заўсёды
памятаць аб гэтым, перш чым пачаць па-братэрску папраўляць брата. Папросім аб усім
гэтым праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, літургічны ўспамін нараджэння якой,
будзем цэлебраваць заўтра”.
Пасля марыйнай малітвы, Пантыфік яшчэ раз нагадаў,
што 8 верасня Касцёл будзе адзначаць свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. “А
што трэба рабіць калі маці адзначае Дзень нараджэння? Скласці ёй віншаванні. Заўтра
раніцай не забудзьце сэрцам і вуснамі павіншаваць Маці Божую”, - заклікаў Святы Айцец.