Святы Айцец моліцца аб плёнах перамір’я ва Украіне
Папа Францішак у чарговы
раз звярнуў увагу вернікаў на сітуацыю ва ўсходняй частцы Украіны. Пасля нядзельнай
малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 7 верасня 2014 г. ён адзначыў, што нягледзячы
на несуцяшаючыя навіны з рэгіёна, былі зроблены важныя крокі ў накірунку перамір’я
і пажадаў, каб дыялог працягваўся і прынёс доўгачаканыя плёны. “На працягу апошніх
дзён – хоць сёння я чуў не вельмі суцяшальныя навіны – былі зроблены значныя крокі
ў пошуку перамір’я у рэгіёнах ахопленых канфліктам на ўсходзе Украіны. Жадаю, каб
яны маглі прынесці палёгку насельніцтву і паспрыяць намаганням на карысць трывалага
міру. Малюся, каб у логіцы сустрэчы, пачаты дыялог працягваўся і прынёс чаканыя плёны.
Марыя, Уладарка супакою, маліся за нас!”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец таксама далучыўся
да закліку аб міры ў паўднёва-афрыканскім Лесота, які скіравалі мясцовыя біскупы.
“Асуджаю любыя акты насілля і прашу Пана, каб у Каралеўстве Лесота стабілізаваўся
мір, у справядлівасці і братэрстве”, - сказаў папа Францішак.