2014-09-08 13:28:37

Францішак: Бог прадвызначыў нас быць падобнымі да свайго Сына


RealAudioMP3 У свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі папа Францішак прапанаваў паразважаць аб стварэнні сусвету і шляху, які Бог прайшоў з чалавецтвам на працягу гісторыі. Гэтым тэмам Пантыфік прысвяціў гамілію падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 8 верасня 2014 г. Чытаючы Кнігу Быцця, – сказаў Папа – “існуе небяспека падумаць аб Богу, як аб чараўніку”, які дзейнічаў з дапамогай “чароўнай палачкі”. Але Бог не чараўнік, а Стварыцель: Ён ствараў рэчы, надзяляючы кожную з іх адпаведным унутраным законам і аўтаноміяй, якія дазваляюць развівацца і дасягаць паўнаты, адзначыў Францішак. Такім законам для чалавека стала свабода – яна дапамагае крочыць праз гісторыю, быць адказным за стварэнне, панаваць над ім, развівацца і імкнуцца да паўнаты часоў. Гэтай паўнатой, паводле задумкі Бога, стала прыйсце Езуса Хрыста. Папа нагадаў, “што Бог прадвызначыў усіх нас (...) быць падобнымі да вобраза Сына свайго”. “Такі шлях чалавецтва і чалавека. Бог хацеў, каб мы былі падобнымі да Яго Сына, а Яго Сын – падобны да нас”, лічыць Пантыфік. Да гэтай мэты, нягледзячы на грахі і непаслухмянасць людзей, Бог вядзе усіх, на працягу гісторыі. Яе кульмінацыя, паводле Францішка, наступіла “у адным маленькім мястэчку”, з дапамогай св. Юзафа і Панны Марыі.

І так мы “прыйшлі да Марыі” – знаходзімся ў “сенях гэтай гісторыі, якімі з’яўляецца Нараджэнне Маці Божай”, - сказаў Папа, узгадваючы пра сённяшняе свята. “Сёння мы можам паглядзець на Маці Божую – маленькую, святую, безгрэшную, чыстую, прадвыбраную стаць Багародзіцай, але таксама можам паглядзець на доўгую, векавую гісторыю, якая засталася за плячыма і спытаць сябе: “Як я праходжу сваю? Ці дазваляю Богу крочыць са мной? Дазваляю Яму ісці побач або іду ў адзіноце? Ці дазваляю Яму суцяшаць мяне, дапамагаць мне, прабачаць, весці на сустрэчу з Езусам Хрыстом?”. Менавіта сустрэча з Панам, з’яўляецца мэтай нашага шляху, перакананы папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.